Трэці дзень СДМ распачаўся са сняданку, пасля якога была супольная малітва, потым удзельнікі мелі крыху вольнага часу перад святой Імшой.
Імшу на завяршэнне Салезіянскіх дзён моладзі ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх разважаў над тымі матывацыямі, дзеля якіх мы ідзем за Езусам. Біскуп падкрэсліў, што нават апосталы спачатку крочылі за Настаўнікам, кіруючыся ў першую чаргу ўласнай выгадай, бо Езус мог цудоўным чынам накарміць і аздаравіць. Так і ў сучасным свеце –не заўжды вера будуецца на падмурку ласкі Божай, шмат хто імкнецца прыстасаваць Божы закон да сваіх інтарэсаў. І нам вельмі цяжка супрацьстаяць памкненням гэтага свету, але выкананне законаў Божых дае нам жывую ваду, дае нам неабходныя ласкі. Біскуп Юрый адзначыў, што на сустрэчах накшталт СДМ ёсць магчымасць знайсці новых сяброў, аднадумцаў, якія могуць дапамагчы маладому чалавеку ў складаных сітуацыях, падчас духоўных крызісаў. Для жыцця на падмурку веры важнае значэнне адыгрывае супольнась.
Напрыканцы св. Імшы слова ўзяў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Ён падзякаваў біскупу Юрыю за прысутнасць і супольную Эўхарыстыю, потым падзякаваў усім, хто прычыніўся да арганізацыі СДМ, а таксама ўсёй моладзі, якая прыняла удзел у сустрэчы.
Пасля супольнай малітвы ўсе перайшлі ў будынак араторыя, дзе моладзь дзялілася сваімі ўражаннямі пасля СДМ, а таксама складала падзяку арганізатарам. У кожнага з удзельнікаў было шмат эмоцый і свае асабістыя падставы для падзякі.
Так завяршыліся другія Салезіянскія дні моладзі. Сустрэча пакінула шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў,спадзяемся, што яна прынясе таксама і вялікі плён!