Галоўная Дзейнасць Навіны Салезіянская сям’я Смаргоні ўрачыста адзначыла ўспамін святога Яна Боско

Салезіянская сям’я Смаргоні ўрачыста адзначыла ўспамін святога Яна Боско

Напярэдадні свята адбылося адмысловае набажэнства – Транзітус. Транзітус – гэта малітоўнае чуванне напярэдадні ўспаміну святога. Набажэнства такога тыпу мае свае карані ў францішканскай традыцыі. Даслоўна “транзітус” азначае пераход, і ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе пераход душы ксяндза Боско ў радасць нябеснага Валадарства. Пераход, звязаны са смерцю, з’яўляецца пэўным сумам, бо чалавек памірае для зямнога жыцця, але для хрысціянаў гэта адначасова і вельмі радасны дзень, бо ён нараджаецца для Неба.

Набажэнства складаецца з трох частак: урачыстыя нешпары з урачыстасці святога, выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў апошні дзень навэнны да св. Яна Боско і чытанне жыццяпісу апошніх дзён ксяндза Боско. Падзеі, даты і людзі, якіх вернікі прыпаміналі падчас набажэнства, дапамаглі ім глыбей перажыць апошнія дні жыцця святога на зямлі.

Падчас гаміліі разважалі над асобай і гісторыяй жыцця святога Яна Боско. Прывітаўшы ўсіх прысутных, біскуп Аляксандр, сэрца якога заўсёды застаецца з салезіянамi, звярнуў увагу на ахвярны шлях святога, і ўзгадаў заклік “Давайце наследаваць кс. Боско так, як ён наследаваў Хрыста!”  Таксама біскуп Аляксандр падкрэсліў, што кс. Боско заўсёды лічыў Езуса сапраўдным сябрам і сваім выхаванцам раіў быць сябрамі Бога. Таму шматлікія хлопцы з араторыя сталі святымі, напрыклад Мікеле Магоне, Дамінік Савіо, Луіджы Арыёне. Важнай думкай з’явіўся заклік аб тым, што святасць магчыма для кожнага. Галоўная ўмова –  быць заўсёды радасным. Ён сапраўды ад усяго сэрца любіў сваіх выхаванцаў, гэтую любоў сябра моладзі перадаў нам. Напрыканцы гаміліі біскуп нагадаў, што кс. Боско запрашаў моладзь быць шчаслівымі тут на зямлі і на Небе.

 На свята святога Яна Боско традыцыйна аднаўляюць свае абяцанні аніматары, а таксама салезіяне супрацоўнікі – прадстаўнікі трэцяй галіны салезіянскай сям’і. Яны аднаўлялі свае абяцанні жыць салезіянскай харызмай і ў духу святога Яна Боско клапаціцца пра збаўленне маладых душ. У гэтым годзе чатыры новых кандыдаты прынялі на сябе абавязкі аніматара.

Напрыканцы літургіі вернікі выказалі словы ўдзячнасці біскупу Аляксандру за сумесную малітву. Урачыстасць завяршылі агульным фотаздымкам, і кожны вернік атрымаў маленькі салодкі пачастунак з дэвізам салезіянскай сям’і на бягучы год. 

Падзяліцца: