Галоўная Дзейнасць Навіны Салезіянская сям’я Смаргоні адзначыла ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Салезіянская сям’я Смаргоні адзначыла ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Вернікі Смаргоні рыхтаваліся да гэтай урачыстасці падчас дзевяцідзённай навэнны, якая ўрачыста цэлебравалася ў касцёле пры выстаўленным Найсвяцейшым Сакрамэнце паводле салезіянскіх традыцый. Спеў падчас навэнны анімавалі члены асацыацыі ADMA. Падчас навэнны вернікі прыносілі да падножжа фігуры Марыі сімвалічныя лісты. У гэтых лістах людзі пісалі свае просьбы, падзякі, спадзяванні, якія давяралі Божай Маці падчас малітвы.

Кульмінацыяй стаўся сам дзень урачыстасці. На вячэрняй св. Імшы сабралося шмат вернікаў. Асаблівым чынам у гэты дзень былі падкрэслены члены “Легіёну Марыі”. Легіянеры анімавалі чытанне Божага Слова, ля алтара быў змешчаны іх штандар і сімволіка, а пасля св. Імшы легіянеры праводзілі размовы з парафіянамі, тлумачылі сваю дзейнасць і місію ў Касцёле.

На заканчэнне Эўхарыстыі адбылася марыйная працэсія з касцёла да фігуры Беззаганнай Панны Марыі ля дома салезіянаў. Падчас працэсіі сабраныя неслі сімволіку “Легіёну Марыі”, кошык з лістамі, вянок для Беззаганнай. Вернікі спявалі тэкст ларэтанскай літаніі і неслі запаленыя знічы. Ля фігуры адбылося асвячэнне вянка для Панны Марыі. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB патлумачыў: “Вянок на галаве жанчыны – гэта сімвал дзявоцтва. Белыя кветкі ў вянку – знак чысціні. Зялёнае лісце – знак жывой надзеі. Так Божая Маці праз сваю чысціню і святасць падарыла свету жывую надзею – Хрыста”. Пасля асвячэння вянок быў апрануты на скроні фігуры Марыі. Пасля вернікі праз малітоўны тэкст аддаліся апецы Беззаганнай. Заканчэннем было спаленне ў вогнішчы напісаных Марыі лістоў. Спаленне – знак цалкавітага аддання. 

Пасля заканчэння малітоўнай часткі сабраныя пайшлі ў араторый.  Там іх чакала праграма ад аніматараў з нагоды дня нараджэння араторыя і прысмакі, падрыхтаваныя легіянерамі на салодкі стол. 

Падзяліцца: