Сустрэча распачалася са святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Напачатаку дэлегат прывітаў прысутных сабратоў, сясцёр салезіянак, салезіянаў супрацоўнікаў і ўсіх мясцовых вернікаў, шматлікія з якіх яшчэ памятаюць дзейнасць салезіянаў у сваёй парафіі. Словы ўдзячнасці кс. Павел выказаў таксама і мясцоваму пробашчу Паўлу Скубе, які ўжо каторы год гасцінна прымае салезіянаў у сваёй парафіі. Пасля кс. Алег Каралёў SDB зачытаў імёны памерлых салезіянаў, якія працавалі на нашай зямлі і за якіх цэлебруецца святая Імша.
Казанне да прысутных прамовіў дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні кс. Казімір Мурава SDB. Святар звярнуў увагу на тое, што нашае зямное жыццё часовае, яно абавязкова скончыцца. Яно можа скончыцца таксама і нечакана, варта заўсёды памятаць пра гэта і быць падрыхтаваным да сустрэчы з Панам. Успамінаючы пра памерлых сабратоў, ксёндз Казімір узгадаў, што некаторых з іх ведаў асабіста, што іх асобы адклаліся ў памяці і сталі прыкладам. Таксама прыкладам могуць быць і шматлікія жыццёрысы святароў салезіянаў, якія мы ведаем. “Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе!” – большасць з тых першых салезіянаў на Беларусі, якіх мы сёння ўспамінаем, служыла Пану Богу, іншаму чалавеку пад такім дэвізам. Яны могуць быць і павінны быць для нас прыкладам, арыентацыей жыцця як добры салезіянін, добры святар, а перадусім, чалавекам, які будзе заўсёды адкрыты сэрцам і душой да Пана Бога”, – падкрэсліў кс. Казімір. Таксама ён адзначыў, што дзень, калі мы ўспамінаем памерлых, павінен стаць таксама і днём рэфлексіі для нас, каб прааналізаваць сваё ўласнае жыццё, убачыць, ці можам мы з’яўляцца прыкладам для будучых пакаленняў.
Пасля Імшы прысутныя памаліліся на могілках каля помніка кс. Людвіка Віткоўскага SDB і сабратоў каад’ютараў Стэфана Залеўскага SDB і Казіміра Ляхоўскага SDB, а потым паехалі на могілкі ў Дзятлава, дзе таксама ўшанавалі памяць кс. Яна Вялькевіча SDB.