Галоўная Дзейнасць Навіны Салезіянская сям’я Беларусі падзялілася аплаткай у Смаргоні

Салезіянская сям’я Беларусі падзялілася аплаткай у Смаргоні

Распачалася сустрэча з калядных спеваў у выкананні парафіяльных міністрантаў. Хлопцы заспявалі некалькі вядомых усім калядак, а ўсе сабраныя з задавальненнем далучылі свае галасы да іх спеву.

Калі музыка сціхла, да салезіянскай сям'і звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Дэлегат звярнуў увагу, што ўсе мы розныя, з розных сем'яў, асяроддзя, з рознай гісторыяй, але сабраныя разам дзякуючы св. Яну Боско. Кожная супольнасць, кожная галіна салезіянскай сям'і імкнецца жыць згодна з акрэсленымі правіламі. Святар зачытаў ліст ксяндза Боско, які святы напісаў у 1884 годзе да сваіх паслядоўнікаў. У ім святы апостал моладзі выказваў сваю айцоўскую падтрымку і пастырскія настаўленні для салезіянаў, а таксама вялікую любоў да салезіянскай сям’і і моладзі. Нягледзячы на тое, што мінула амаль 100 год з моманту напісання гэтага ліста, словы святога актуальны і на сённяшні дзень.

Пасля прадстаўнікі кожнай галіны салезіянскай сям’і выказалі свае агульныя пажаданні і святочныя віншаванні, а фінальнай кропкай сустрэчы стала асабістае дзяленне аплаткай і супольная вячэра. 

Падзяліцца: