Галоўная Дзейнасць Навіны Салезіянская моладзь з Мінска прыняла ўдзел у Дыяцэзіяльных днях моладзі ў Шчучыне

Салезіянская моладзь з Мінска прыняла ўдзел у Дыяцэзіяльных днях моладзі ў Шчучыне

Як і звычайна, прыехала шмат моладзі не толькі з усёй Гродзенскай дыяцэзіі, але і з іншых дыяцэзій і нават краін. Наведала ДДМ ў Шчучыне і моладзь з мінскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля разам з сястрой Дар'яй Еўтухоўскай FMA.

Дэвізам дзён моладзі ў гэтым годзе стаў заклік "Па прыкладзе Марыі буду служыць Пану". Сустрэча пачалася Марыйным набажэнствам і святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі.

Працягам першага дня стала канферэнцыя айца Юрыя Находкі OCD на тэму "Роля служэння ў жыцці хрысціяніна".

Падчас другога дня моладзь разважала аб розных формах хрысціянскага служэння, гаворачы аб місійным, дабрачынным, манаскім, святарскім, сямейным служэннях, аб служэнні ў каталіцкіх СМІ, евангелізацыйным і парафіяльным.

Пасля працы па групах моладзь прывітала Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра, які ўзначаліў Святую Імшу. Увечары моладзь мела магчымасць удзельнічаць у Адарацыі, а таксама прыступіць да сакрамэнту споведзі. ДДМ скончыліся святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Варта адзначыць музычныя гурты "Пілігрымы", "OPEN" і "AVE", якія дапамагалі прысутнай моладзі праслаўляць Пана спевамі і танцамі.
Усе парафіі падчас ДДМ аб’ядналіся ў адзін вялікі Касцёл, які павінен быць маладым, бо будучыня Касцёла ў Беларусі і ўсім свеце залежыць ад маладых людзей, аб чым казалі і што падкрэслівалі біскупы падчас гамілій.

Падзяліцца: