У сустрэчы прымалі ўдзел каля 20 тысяч католікаў, праваслаўных і пратэстантаў з розных краін Еўропы, у тым ліку каля 500 чалавек з Беларусі. Сярод удзельнікаў была і маленькая група салезіянскай моладзі Беларусі з Мінска, Смаргоні і Бараўлян.
Прымаць удзел у гэтай сустрэчы - гэта значыць маліцца ў спевах і цішыні, паглыбляць веру і паразуменне разам з тысячамі маладых людзей з Еўропы, пазнаёміцца з гасціннасцю мясцовых сем'яў і дзяліцца адзін з адным у прастаце, сустрэцца з людзьмі, якія сведчаць аб Евангеллі, пераадольваючы цяжкасці нашага часу, здабыць новы імпульс да салідарнасці ў Еўропе.
“Гэта вялікая радасць збірацца тут, у Базэлі, на мяжы Швейцарыі, Германіі і Францыі на пяць дзён, ва ўсіх адрозненнях нашага паходжання, нашых культур, нашых канфесій”,- з такімі словамі да моладзі звярнуўся брат Алоіс падчас вячэрняй малітвы ў першы дзень сустрэчы моладзі.
Расклад дня на Сустрэчы Моладзі выглядае амаль аднолькава. Спачатку ранішняя малітва з разважаннем над Словам Божым у адной са шматлікіх парафій, якія прымаюць удзельнікаў. Потым сустэча ў малых групах, дзе пасля разважання над урыўкам з Евангелля ўдзельнікі сустрэчы размаўлялі на падставе пытанняў, якія прапанавалі арганізатары і якія сёння турбуюць моладзь Еўропы. Днём была магчымасць удзельнічаць у семінарах з тэмамі “Духоўнасць”, “Царква”, “Салідарнасць/Грамадства”, “Мастацтва і вера”, а таксама магчымасць убачыць прыгажосць горада. Пасля агульнай вячэры быў час супольнай вячэрняй малітвы з разважаннем над Божым словам, малітвай вернікаў, часам цішыні і з разважаннямі брата Алоіса.
Некаторыя ўдзельнікі з нашай групы падзяліліся сваімі думкамі пасля вяртання з Базэля.
Навела Айрапецян:
“Я вельмі ўдзячна Богу за магчымасць удзельнічаць у сустрэчы Тэзэ ўжо другі раз. Сустрэча прайшла ў духу еднасці, супакою, радасці і ўзаемапаразумення. Мяне асабліва ўразіла гасціннасць жыхароў Швейцарыі, Германіі і Францыі, якія прынялі ў свае сем’і такую вялікую колькасць пілігрымаў. Вельмі спадабаліся таксама сустрэчы ў малых групах, падчас якіх кожны, нягледзячы на моўныя перашкоды, выказваў свае думкі наконт радасці ў паўсядзённым жыцці, дапамогі патрабуючым і г.д. Пасля сустрэчы засталіся цёплыя ўспаміны, новыя знаёмствы, незабыўныя ўражанні!”
Аляксандра Вільтоўская:
“Такая сустрэча для мяне ўпершыню! Калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у сустрэчы Тэзэ ў Базэлі, я адразу вырашыла , што сапраўды хачу паехаць. Гэта ўнікальная магчымасць паглядзець новыя мейсцы і ўзрасці духоўна. Думкі, уражанні, эмоцыi, якія я перажывала падчас сустрэчы, немагчыма перадаць словамі. Сумесныя малітвы, разважанні над Словам Божым дапамагаюць разумець, што ўсе мы розныя, але сабраліся дзеля аднаго, каб праслаўляць Бога. Вельмі спадабаліся арганізацыя і гасціннаць мясцовых жыхароў. Прыгажосць мясцін захапляла.”
Аляксандр Манчак ASC:
“Я пазнаёміўся з Тэзэ яшчэ ў 2009 годзе ў Вільнюсе на рэгіянальнай сустрэчы моладзі і з таго часу вельмі ахвотна прымаю ўдзел у такіх сустрэчах. Пасля Берліна, Рыма, Прагі і Рыгі гэта была ўжо пятая Еўрапейская сустрэча моладзі, на якую я з вялікім задавальненнем скіраваўся, бо вельмі падабаецца малітва ў духу братоў Тэзэ. Усё было вельмі добра, спакойна, чакана і без сюрпрызаў. Сустрэча экуменічная, у ёй прымае ўдзел каталіцкая, праваслаўная і пратэстанцкая моладзь, і хоць шлях да аб'яднання хрысціян вельмі доўгі, такога роду сустрэчы адназначна яднаюць усіх тых, хто прыехаў, тых, хто прымае ў сваіх дамах пілігрымаў, усіх тых, хто шукае Бога, хоць і знаходзіцца кожны на сваім этапе шукання. Калі на гэта будзе воля Бога, то з вялікім задавальненнем праз год накіруюся на наступную Еўрапейскую сустрэчу моладзі”.
Пачатак Еўрапейскім сустрэчам моладзі быў пакладзены ў 70-я гады XX –га стагоддзя братам Ражэ, а наступная сустрэча адбудзецца з 28 снежня 2018 года да 1 студзеня 2019 года ў Мадрыдзе (Іспанія).
Больш падрабязны фотаагляд вы можаце пабачыць у інстаграме па хэштэгу #sdbasel