Галоўная Дзейнасць Навіны Салезіянская моладзь са Смаргоні прыняла ўдзел у Дыяцэзіяльных днях моладзі

Салезіянская моладзь са Смаргоні прыняла ўдзел у Дыяцэзіяльных днях моладзі

З 6 па 8 мая ў горадзе Навагрудку праходзілі дні моладзі, арганізаваныя Гродзенскай дыяцэзіяй. З вялікім энтузіязмам і запалам прынялі ўдзел у гэтых днях таксама і маладыя людзі са Смаргоні. Насычаная праграма, добры настрой, актыўнасць удзельнікаў – усё гэта паспрыяла як набыццю духоўнага багажу, так і простаму, вясёламу хрысціянскаму адпачынку. А як прайшлі гэтыя дні, расказалі самі ўдзельнікі:

Марыя: “На ДДМ была другі раз. Навагрудак - прыгожы і цікавы горад, сапраўды гістарычнае месца, якое дадавала гэтым дням моладзі прыемную, незвычайную атмасферу. Імшы, адарацыя, катэхезы, канцэрты, пілігрымка да святога месца - усё гэта застанецца ў маёй памяці надоўга. Вельмі рада магчымасці духоўна ўзбагаціцца, весела адпачыць і проста добра правесці час з такімі ж, як я, маладымі людзьмі, якія любяць Езуса і Марыю”.

Дар’я: “Для мяне гэтыя дні моладзі ўжо трэція. І калі пачула, што наша моладзь з парафіі едзе, таксама ўзрушылася. Шмат было перашкод, каб не паехаць, але ўсё ж такі пакінула ўсе справы і вырашыла ехаць! Па-першае, вельмі шмат чула пра Навагрудак, пра яго старажытнасць і цікавую гісторыю. А па-другое, вельмі хацелася насыціцца духоўна. Спадабалася шмат чаго: ежа, дакладнасць і простасць канферэнцыі, адарацыя, канцэрты гуртоў, катэхеза, магчымасць споведзі, а асабліва пілігрымка да месца расстрэлу сясцёр-мучаніц! Прыемна было бачыць гасціннасць і ветлівасць людзей, якая праяўлялася ў маленькіх рэчах. Вельмі задаволена, што нягледзячы на цяжкасці з надвор'ем, усё ж  такі ўдалося і мне таксама пабываць на гэтых 24-ых Дыяцэзіяльных днях моладзі ў Навагрудку!!!)))”

Андрэй: “Я вельмі ўдзячны арганізатарам. Падрыхтавана было ўсё вельмі добра, нават надвор'е не магло змяніць гэты ўзровень. Добрая ідэя з пілігрымкай. Нешта дзіўнае для дзён моладзі, але не лішняе. Наогул прыемна адчуваць сябе сярод такіх жа, як ты, маладых людзей. На дні моладзі ехаў са сваёй уласнай інтэнцыяй. Цудам было праслаўленне Бога і Яго Маці сэрцам, што створанае з тысячы сэрцаў маладых людзей, створанае голасам, злітым з тысячы галасоў дзяўчат і юнакоў. Прыемна было бачыць штодзённа сярод нас біскупаў, а таксама маладых айцоў і сясцёр. Добра было быць менавіта сярод такой моладзі, што была на гэтай сустрэчы.”

Арына: “Заўсёды чакаю з нецярпеннем ДДМ, была на іх ужо ў трэці раз. Кожны горад, у якім праходзяць дні моладзі, асаблівы па-свойму. Вельмі складана сказаць, дзе спадабалася больш. У гэтым годзе нас сустракаў выдатны, напоўнены гісторыяй Навагрудак. Горад зусім невялікі, але ён здолеў камфортна размясціць ўсю моладзь, якая прыбыла, з агульнай мэтай, каб праславіць Бога. 1300 маладых людзей з усіх куткоў Гродзенскай вобласці і не толькі сабраліся, каб падзяліцца сваёй радасцю, праславіць нашага Айца і ўмацавацца ў сваёй веры. Вельмі было радасна назіраць за тым, як нашу жывую, радасную моладзь не палохаюць сюрпрызы надвор'я. Дождж у самым разгары, а маладыя людзі выкладваюць усе свае сілы, каб як мага гучней спяваць песні пад сцэнай і танцаваць, колькі ёсць сіл. Надвор'е не перашкаджае славіць Бога! Толькі за некаторым выключэннем людзі стаялі пад парасонамі. Цудоўна, што за такую невялікую колькасць дзён мы яшчэ змаглі пабываць у пілігрымцы да месца, дзе падчас вайны расстралялі 11 сясцёр. Гэтая пілігрымка дапамагае пра многае задумацца і зразумець: наколькі моцна можна даверыць сваё жыццё Богу, на колькі моцна трэба Яго любіць, каб аддаць сваё жыццё за іншых. Канцэрты гуртоў “AVE”, “Laudans”, “OPEN”, канферэнцыі дапамагалі яшчэ больш зблізіцца з іншымі. Гэтыя дні былі па-сапраўднаму напоўнены радасцю, любоўю, ўсмешкамі. Дзякуй вялікі арганізатарам за магчымасць быць на гэтых днях моладзі.”

Аляксей: “Гэта не першыя дні моладзі для мяне, але ведаю дакладна, яны назаўжды застануцца ў маёй памяці. На працягу ўсіх трох дзён Бог адорваў нас сапраўднымі цудамі. Кожную секунду мы праслаўлялі Яго ўсім сэрцам, усёй душой. Нястомна дзякую Госпаду за дні, якія духоўна напоўнілі і ўзбагацілі мяне нашмат месяцаў наперад. Ну і вядома ж чакаю наступныя дні моладзі.”

Дзіяна: “ДДМ – доўгачаканая падзея для ўсёй каталіцкай моладзі Гродзенскай вобласці. Я таксама з захапленнем чакала гэтых дзён, бо для мяне гэта магчымасць не толькі адпачыць фізічна, але і час, каб узрасці духоўна, адарвацца ад штодзённых клопатаў і задумацца над сваім жыццём. Падчас Дыяцэзіяльных Дзён моладзі панавала неверагодная атмасфера. Вельмі прыемна адчуваць, што больш за тысячу чалавек сабраліся ў адным месцы, каб праславіць Нябеснага Айца, а таксама адчуваць, што ўсе мы вельмі розныя, але ўсіх аб’ядноўвае адна вера. Кожны дзень быў асаблівы і запамінальны. Мне вельмі спадабалася катэхеза, падчас якой нашай групе давялося разважаць на тэму любові. Дзякуючы ёй я даведалася шмат новых рэчаў, а таксама атрымала адказы на некаторыя пытанні, якія ўжо шмат часу турбавалі мяне. Магу з упэўненасцю сказаць, што менавіта для мяне сёлетнія ДДМ прайшлі не дарма.”

Яня: “Мне вельмі спадабалася. Такія шчырыя адчуванні і пачуцці, радасныя ўсмешкі людзей, шчасце і задавальненне напаўнялі мяне ўсе гэтыя тры дні. Прадстаўленне каманд, сваіх парафій, адарацыя - гэта ўсё было вельмі выдатна. Ну а пра канцэрты можна казаць вечна. Я моцна люблю гурт "Аve", таму была шчаслівая, пачуўшы яго на ДДМ. Я вельмі рада, што паехала. Дзякуй вялікі ўсім, хто зрабіў гэтыя тры дні цудоўнымі і незабыўнымі.”

Падзяліцца: