Галоўная Дзейнасць Навіны Салезіяне супрацоўнікі Беларусі абралі новага каардынатара

Салезіяне супрацоўнікі Беларусі абралі новага каардынатара

Сустрэча распачалася супольнай малітвай, кс. Павел Шчарбіцкі SDB, духоўны кіраўнік салезіянаў супрацоўнікаў, благаславіў сабраных з пажаданнямі плённай працы і мудрага выбару.

Былы каардынатар Віталь Арцёменка, які ўзначальваў мясцовы цэнтр на працягу шасці гадоў, прадставіў сабраным аналіз дзейнасці рады. Ён адзначыў станоўчую дынаміку ў развіцці салезіянаў супрацоўнікаў на Беларусі. Сёння яны маюць мясцовы цэнтр у Смаргоні, які каардынуе дзейнасць салезіянаў супрацоўнікаў са Смаргоні і Мінску, а таксама дзейнасць аспірантаў з Дзятлава. У бліжэйшай перспектыве — адкрыццё мясцовага цэнтра ў Мінску. У кастрычніку 2016 г. салезіяне супрацоўнікі гучна заявілі аб сабе падчас святкавання ўспаміну благаслаўлёнай Александрыны Марыі да Коста — агульнабеларускага салезіянскага свята, якое прайшло ў Дзятлаве. Затым спадар Арцёменка яшчэ раз звярнуў увагу прысутных на ролю свецкіх членаў Салезіянскай сям’і ў выхаванні і катэхізацыі дзяцей і моладзі, людзей старэйшага ўзросту і сем’яў у паўсядзённым жыцці, праз працу ў тых месцах, куды складана, альбо немагчыма трапіць святару ці сястры — месцы працы, вучобы, нашыя сем’і. Таксама ён падзякаваў ўсім за супольную працу на працягу шасці гадоў. У сваю чаргу ў знак удзячнасці за ахвярную і самаадданую працу салезіяне супрацоўнікі падарылі свайму былому каардынатару абраз Езуса Міласэрнага.

Пасля аналізу дзейнасці, згодна з Рэгламентам працы Аб’яднання салезіянаў супрацоўнікаў, прайшлі выбары ў раду мясцовага цэнтра на наступныя тры гады. Рада, у сваю чаргу, павінна была абраць каардынатара мясцовага цэнтра.

Па выніках выбараў у склад Рады мясцовага цэнтра салезіянаў супрацоўнікаў было абрана шэсць чалавек:  Алег Аўгусціновіч, Аліцыя Грыцук, Дзмітрый Дэбесь, Ларыса Валынец, Ірына Клявец, Аляксандр Манчак. Праз тайнае галасаванне членаў Рады, у якім прымаў ўдзел і ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB, каардынатарам мясцовага цэнтра салезіянаў супрацоўнікаў была абрана спадарыня Ларыса Валынец. Пасля падвядзення вынікаў новая каардынатар звярнулася да прысутных і падзякавала за аказаны давер, а таксама паабяцала выконваць спае абавязкі рупліва і самааддана.

Віншуем новаабраную раду. Жадаем плённай  працы.

Падзяліцца: