Галоўная Дзейнасць Навіны Салезіяне правялі разважанні аб добрай смерці ў Бараўлянах на тэму “фальшывыя прарокі”

Салезіяне правялі разважанні аб добрай смерці ў Бараўлянах на тэму “фальшывыя прарокі”

У першы дзень падчас канферэнцыі кс. Павел Шчарбіцкі SDB, кіруючыся лістом Папы Францішка на Вялікі пост бягучага года, разам з моладдзю разважаў над тэмай “З-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне” (пар. Мц 24,12). Гэты час быў вельмі карысны для прысутных, бо даведаліся, якія ілжэпрарокі існуюць, чым яны кіруюцца і што рабіць, каб не трапіць пад іх уплыў. У якасці лекаў для барацьбы супраць фальшывых прарокаў былі прапанаваны пост, малітва, міласціна і праўда. Нам быў выказаны вельмі важны заклік, каб мы вучыліся з вялікай любоўю казаць праўду, каб Касцёл жыў у праўдзе і радасці. Мы даведаліся, што малітва – гэта час, які дапамагае заўважыць (распазнаць) патаемную хлусню; што міласціна вызваляе ад прагнасці, а пост - выяўляе стан духу, забірае сілы ад нашай агрэсіі, дысцыплінуе і дае магчымасць да росту.

Вечарам нас чакала асабістая сустрэча з Езусам Хрыстом падчас Адарацыі, малітва псалмоў і па салезіянскай традыцыі - слоўка, якое скіраваў да нас дэлегат салезіянаў у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB.

Другі дзень быў адметным ужо тым, што прыйшла нядзеля – асаблівы момант тыдня , каб прысвяціць час Пану. Таму раніцай мы перажывалі сустрэчу з эўхарыстычным Езусам на святой Імшы, дзе слухалі навуку брата Андрэя Жылевіча OFMСар, які ў гэты час праводзіў у Бараўлянах парафіяльныя рэкалекцыі.

Перад абедам быў момант цішыні, падчас якога кожны асабіста мог паразважаць над Першым Пасланнем св.Яна , кіруючыся метадам чытання слова Божага “4 колера”. Метад дапамог больш глыбока звярнуць увагу на храналагічныя падзеі Евангелля, абставіны, мейсца, час, факты, імёны; на тое, што прамаўляе Бог нашаму сэрцу, кранаючы яго Сваёй Любоў; сустрэцца са сваім адказам на Яго Любоў; вызначыць канкрэтную пастанову на жыццё, да якой заклікае Евангелле.

 

Падзяліцца: