Святую Імшу ўзначаліў Рэгіянальны настаяцель Рэлігійнай Каталіцкай Місіі «Таварыства св. Фрацішка Сальскага» на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB.
Падчас казання кс. Віктар звярнуў увагу прысутных на тое, якім св. Яна Боско бачыў дырэктара салезіянскай супольнасці. На думку святога заступніка моладзі, дырэктар супольнасці з’яўляецца нібы садоўнікам, які клапатліва даглядае кожную расліну ў сваім садзе.
Настаяцель салезіянаў Беларусі падзякаваў кс. Паўлу за яго паслухмянасць і адкрытасць на патрэбы Салезіянскай сям’і, а таксама пажадаў яму быць такім садоўнікам, якім хацеў бы бачыць яго кс. Боско. Садоўнікам, які ведае, што неабходна кожнай асобнай кветцы, каб яна адчувала сябе добра і магла ў паўнаце развівацца. Пасля казання былі прачытаны паасобныя артыкулы з Канстытуцыі салезіянскага Таварыства, які распавядаюць пра асобу дырэктара супольнасці і яго абавязкі, а таксама адбыўся абрад уступлення кс. Паўла на пасаду дырэктара салезіянскай супольнасці ў Мінску.
Напрыканцы св. Імшы прывітаў кс. Паўла пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля кс. Аляксандр Мятліцкі SDB. За ім словы прывітання выказалі вернікі парафіі, а таксама моладзь.