Дарагія сябры, чытачы штомесячнага журнала Il Bollettino Salesiano, дасылаю вам, як і кожны месяц, з глыбіні майго сэрца сваё асабістае прывітанне. Мае разважанні матываваныя тым, што я перажываю. Бо я веру, што жыццё прыходзіць да нас усіх, і калі тое, пра што мы дзелімся з іншымі, з’яўляецца добрым, то гэта добра і для нас, бо надае нам новае натхненне.
Пост і Вялікдзень заклікаюць нас да адраджэння. Штодня. Адраджэння да даверу, надзеі, радаснага супакою, жадання любіць, працаваць і ствараць, захоўваць і памнажаць людзей, таленты і рэчы для ўсяго малога, ці вялікага саду, што нам даверыў Пан Бог.
Нам, салезіянам, святкаванне Вялікадня заўсёды прыпамінае аб святкаванні гэтага дня ў 1846 годзе на Вальдокко, дзе дон Боско перайшоў ад слёз на лузе братоў Філіппо да беднага будынка Пінардзі і зямлі вакол яго, дзе мара пачала здзяйсняцца.
Я бачыў, як мара працягвае здзяйсняцца. Пішу вам зараз з Санта Дамінга, што ў Дамініканскай Рэспубліцы. Перад гэтым я быў з прыгожай і вельмі важнай візітацыяй ў Жуазэйра-ду-Норці (на паўночным усходзе Бразіліі ў горадзе Рэсіфі), а апошнія некалькі дзён праводжу ў Дамініканскай Рэспубліцы. Праз некалькі гадзін я працягну свой шлях у В’етнам.
Сярод гэтай мітусні, якую ў мяне атрымліваецца перажываць з вялікім спакоем, я ўзмацніў сваё салезіянскае сэрца прыгожым вопытам і суцяшаючай упэўненасцю. Я распавяду вам аб іх, бо яны гавораць аб салезіянскай місіі. Дазвольце мне пачаць з гісторыі, якую мне ўчора распавёў адзін салезіянін і якая рассмяшыла і кранула мяне. Але таксама і шмат адкрыла для мяне ў “салезіянскім сэрцы”.
Маленькі кідальнік камянёў
Адзін з сабратоў распавёў мне, што некалькі дзён таму ён ехаў па адной з дарог у глыбіні краіны. Ён рухаўся недалёка ад месца, дзе некаторыя дзеці маюць звычку кідаць каменьчыкі ў машыны. Яны робяць гэта, каб выклікаць невялікія аварыі, як, напрыклад, разбітае акно ў машыне і, скарыстаўшыся збянтэжанасцю кіроўцы, штосьці ўкрасці. Здарылася гэта і з ім. Ён ехаў праз вёску і адзін хлопчык кінуў камень, каб пабіць шкло ў ягонай машыне. І ў яго гэта атрымалася. Салезіянін выскачыў з машыны, схапіў хлопца за руку і праз гэта прымусіў таго адвясці яго да сваіх бацькоў. Бацькі ў сям’і даўно не было (ён ужо даўно сышоў ад іх), толькі бедная маці, што засталася адна з гэтым сынам і яшчэ меншай дзяўчынкай. Салезіянін сказаў маці, што яе сын пабіў яму акно ў машыне (хлопец гэта прызнаў), якое каштуе даволі шмат. Таксама сказаў, што ёй давядзецца за гэта заплаціць. Бедная жанчына, скрозь слёзы, папрасіла прабачэння і каб ён не спаганяў з яе грошы за шкло. Яна патлумачыла, што не мае магчымасці заплаціць, бо бедная, а свайго сына яна пакарае. У тую хвіліну да нас нясмела наблізілася дзяўчынка, сястрычка “маленькага Магоне дона Боско”, трымаючы штосьці ў сціснутым кулачку і, ракрыўшы яго, прапанавала салезіяніну адну, амаль нічога не вартую манету, якую толькі і мела. Гэта быў увесь ейны скарб. Яна сказала яму: “Вазьміце гэтыя грошы за шкло”. Мой сабрат сказаў, што ён быў так крануты, што не змог болей анічога вымавіць. Напрыканцы ён даў той жанчыне трохі грошаў, жадаючы крыху дапамогчы яе сям’і.
Я не ведаў як інтэрпрытаваць гэтую гісторыю, якая была настолькі поўная жыцця, болю, галечы і чалавечнасці, што вырашыў падзяліцца ёй з вамі. Праз некалькі гадзін мне паказалі наступны невялікі салезіянскі дом, які знаходзіўся недалёка ад таго салезіянскага дому, дзе я спыніўся. Мы прымаем у ім дзяцей, якія нікога не маюць і жывуць на вуліцы. Большасць з іх гаіцяне. Мы добра ведаем трагедыю, што адбылася на Гаіці, дзе няма ані парадку, ані ўраду, ані закону…і ўсім кіруе мафія. Асэнсаванне таго, што гэтых маленькіх дзяцей, якія прыехалі сюды (ніхто не ведае як) і не маюць дзе жыць, мы прымаем у нашым доме (зараз іх дваццаць), каб потым, калі іх стан стабілізуецца, перавесці іх у іншыя дамы, з іншымі выхаваўчымі мэтамі (мы маем у розных дамах яшчэ 90 непаўнагадовых, у якіх заўсёды ёсць салезіяне і свецкія выхавацелі), напоўніла маё сэрца радасцю. Гэта дапамагло мне ўсвядоміць, што вось так нарадзілася і Вальдокко ў Турыне разам з донам Боско. І так узніклі мы, салезіяне. Маленькая групка хлопцаў з Вальдокко разам з донам Боско 18 снежня 1859 года дэ-факта заснавалі салезіянскую Кангрэгацыю.
Як ва ўсім гэтым мы можам не бачыць Божую руку? Як не бачыць, што ўся гэтая праца з’яўляецца намаганнем чагосьці значна большага, чым чалавечая стратэгія? Як не бачыць, што тут і ў тысячах іншых салезіянскіх месцах па ўсім свеце дабро працягвае здзяйсняцца з дапамогай многіх шчодрых людзей і тых, хто падзяляе наш выхаваўчы энтузіязм?
У гэтым годзе ў Іспаніі, у Мадрыдзе і ў іншых краінах (у тым ліку і ў Амерыцы) дэманстраваўся захапляльны кароткаметражны фільм “Canillitas”, які дэманструе жыццё многіх з гэтых маладых людзей. Я быў шчаслівы, што мог дакрануцца да гэтай рэальнасці сваімі рукамі і бачыць яе на свае вочы. Дарагія сябры, гэта і сапраўды так, мара дона Боско здзяйсняецца і сёння, праз 200 год.
Учора я ўвесь дзень правёў з маладымі людзьмі з салезіянскага асяродку, якія мянуюць сябе лідэрамі салезіянскага руху ў Латынскай Амерыцы. Гэты рух імкнецца да таго, каб прынамсі ўвесь салезіянскі выхаваўча-адукацыйны свет вельмі сур’ёзна клапаціўся аб навакольным асяроддзі і экалогію ўспрымаў з чуйнасцю папы Фрацішка, якая выяўляецца ў ягонай энцыкліцы Laudato si. Там прысутнічала моладзь з дванаццаці краінаў Лацінскай Амерыкі (асабіста альбо анлайн) у рамках свайго руху “Устойлівая Лацінская Амерыка”. Прыгожа, што маладыя людзі мараць і прысвячаюць сябе нечаму, што добра для іх, для свету і для нас усіх, каб захаваць свет. Выратаваць азначае захаваць і нічога не страціць, аніводнага ўздыху, аніводнай слязінкі, аніводнай травінкі. Не павінны страціцца аніводзін шчодры высілак, аніводнае балючае цярпенне, аніводзін клопат, нават малы і ўкрыты. Калі мы зможам прадухіліць знішчэнне прынамсі аднаго сэрца, то пражывём сваё жыццё недарэмна. Калі мы зможам паменшыць боль прынамсі ў адным жыцці альбо нейкай пакуце, дапамагчы расці нейкаму дзіцяці, то будзем жыць недарэмна. Тварам у твар да гэтага ўсяго я з усёй сур’ёзнасцю наважваюся сказаць: улюбёны дон Боско, твая мара застаецца ВЕЛЬМІ ЖЫВОЙ.
Бывайце здаровыя і будзце шчаслівыя.
(Паводле Il Bollettino Salesiano, сакавік 2024)