Галоўная Дзейнасць Навіны Са Смаргоні ў Будслаў вырушыла 23-я моладзевая пілігрымка

Са Смаргоні ў Будслаў вырушыла 23-я моладзевая пілігрымка

Пілігрымы пачалі збірацца ў Смаргоні яшчэ вечарам 29 чэрвеня, каб атрымаць атрыбуты пілігрыма, прайсці рэгістрацыю і пачуць арганізацыйныя аб'явы.


Раніцай у нядзелю адбылася ўрачыстая святая Імша, з якой афіцыйна і распачалася #СМЕП23. Перад пачаткам цэлебрацыі ўсіх прысутных прывітаў дырэктар салезіянскай супольнасці ў Смаргоні ксёндз Казімір Мурава SDB. Святар падкрэсліў, што Бог прамаўляе да нас кожны дзень, а пілігрымка з'яўляецца добрым часам, каб пачуць гэтыя словы. Таксама кс. Казімір запэўніў, што хоць не мае магчымасці ісці з пілігрымамі фізічна, будзе суправаджаць іх духоўна, памятаючы ў малітвах.

Разам са святарамі салезіянамі, а менавіта, Рэгіянальным настаяцелям салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндзом Паўлам Шчарбіцкім SDB, кіраўніком пілігрымкі ксядзом Алегам Каралёвым SDB, ракалекцыяністам сёлетняй СМЕП ксяндзом Міxаілам Радзевічам SDB, пробашчам мясцовай парафіі ксяндзом Артурам Ляшнеўскім SDB святую Імшу таксама цэлебраваў Сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі ксёндз Кшыштаф Сэрока, які з вялікай ахвотай прайшоў першы дзень пілігрымкі.

Прамаўляючы казанне, ксёндз Павел разважаў над Евангеллем. Ён падкрэсліў, што чалавек сустракаецца з дзвюма крайнасцямі: жыццём і смерцю. Мы створаны для жыцця, а не для смерці. У Евангеллі мы бачым, што людзі, калі самі не могуць даць рады, ідуць да Езуса. Мы ў сваім жыцці таксама можам стаяць перад выбарам: альбо апускаць рукі, калі ўсё блага, альбо змагацца і шукаць свет у кожнай складанай сітуацыі.

Пасля завяршэння святой Імшы пілігрымы зрабілі традыцыйны супольны фотаздымак і вырушылі ў шлях да Маці Божай Будслаўскай, каб занесці да яе свае інтэнцыі, просьбы і падзякі. Праз шэсць дзён яны сустрэнуцца з іншымі пілігрымамі з усіх куткоў нашай краіны на ўрачыстым свяце ў гонар Апякункі Беларусі.

Падзяліцца: