Галоўная Дзейнасць Навіны Рэкалекцыі для моладзі «Разважанні аб добрай смерці» адбыліся Мінску

Рэкалекцыі для моладзі «Разважанні аб добрай смерці» адбыліся Мінску

«Дык не дазволім жа, каб карысны для навяртання

час Вялікага посту прайшоў для нас марна!»

(Папа Францішак)

 

Хрысціянін у кожны момант свайго жыцця павінен быць падрыхтаваны да дзвюх рэчаў: Эўхарыстыі і смерці. «А ты гатовы памерці?» — над гэтым пытаннем і не толькі разважалі ўдзельнікі рэкалекцый «Разважанні аб добрай смерці» (РДС), якія адбыліся ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску (Серабранка) з 13 па 14 лютага. Тэма гэтай сустрэчы гучала так: «Пост — час асаблівай ласкі». Каля трыццаці маладых людзей з розных куткоў Беларусі адгукнуліся на запаршэнне салезіянаў і прыбылі на РДС. Адказнымі за падрыхтоўку сустрэчы былі кс. Іван Огар SDB і с. Тэрэза Сальнічэк FMA.

Рэкалекцыі распачаліся гульнёй, якая паказала, як важна правільна знайсці бяспечны шлях, каб дасягнуць канчатковай мэты — вечнага жыцця, не патануць у багне і спасуках гэтага свету. Потым адбылася канферэнцыя кс. Станіслава Краўчанкі SDB, якая адкрыла наноў практычнае значэнне посту. Як адзначыў святар, пост — гэта час адрачыся ад непатрэбнага і таго, што крадзе час, звярнуць увагу на малітву, міласціну, учынкі пабожнасці і любові, а таксама выхоўваць устрыманнасць. Пост дае добрую магчымасць развіць больш глыбокія адносіны з Богам і з бліжнім. Першы дзень рэкалекцый скончыўся ўласным разважаннем падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Другі дзень даў магчысць удзельнікам пазнаваць Слова Божае з дапамогай духоўнай практыкі «LECTIO DIVINO». Слова Божае не павінна заставацца толькі ў думках, яно павінна ўваходзіць у практыку жыцця. Падчас «пустыні» — час для асабістага разважання ў цішыні — была магчымасць паразважаць над значэннем посту, прынятых пастановах і проста суцішыць сваё сэрца. Кульмінацыяй дня стала св. Імша, на якой удзельнікі РДС разважалі над Пастырскім пасланнем Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2016 г. Скончыліся рэкалекцыі традыцыйна: смачным абедам і падвядзеннем вынікаў.

Падзяліцца: