З 5 па 7 верасня ў доме пілігрыма ў Тракелях прайшлі першыя рэкалекцыі АDMA (Асацыяцыя Марыі Успамогі Хрысціянаў). Прыехалі ўдзельнікі са Смаргоні і Бараўлянаў. Рэкалекцыі на тэму “Асмельваемся казаць “Ойча” падрыхтавала сястра Дар'я Еўтухоўская FMA.
Праграма была добра распланавана: было дастаткова часу для асабістага дыялогу з Богам, для размоў адзін з адным і для сузірання прыроды. Быў час паразмаўляць перад цудадзейным абразом і памаліцца вакол Эўхарыстычнага стала як адна сям'я дзякуючы ксяндзу пробашчу Вадзіму Сурвіле. Вечары завяршаліся забаўляльнай праграмай, цёплымі размовамі за гарбатай, гульнямі і традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч.
Вось некалькі сведчанняў ад удзельнікаў рэкалекцый:
“Такая вядомая для мяне малітва "Ойча наш..." атрымала больш глыбокае разуменне і зайграла новымі фарбамі. Вельмі дакладна, грунтоўна і глыбока я спазнавала значэнне гэтых звыклых словаў, якія штодня вымаўляю і часта вымаўляю аўтаматычна.
За некалькі дзён рэкалекцый я адчула сябе на Небе на нейкі час. І гэта Неба было сярод нас, а менавіта ў нашых індывідуальных размовах з Богам, у дыялогу з самім сабой, з іншымі ўдзельнікамі, канешне, у супольных гульнях і пасілках. Ужо чакаю наступнай сустрэчы”.
“Вельмі карысныя рэкалекцыі для духоўнага росту і развіцця. Асабліва мяне ўразілі сведчанні іншых удзельнікаў напрыканцы рэкалекцый. Менавіта гэта натхняе мяне, каб далей самому ўзрастаць і распаўсюджваць Культ Марыі Успамогі Хрысціянаў”.
“Першая малітва, якую я пачула ад бабулі, была "Ойча наш". У тым падлеткавым узросце яна ўспрымалася па-іншаму; і ўжо ў сталым узросце часам яна прамаўлялася на аўтамаце.
І вось тэма рэкалекцый “Асмельваемся казаць “Ойча” нібы спыняе, звяртае ўвагу на "асмельваемся". Так, асмельваемся... І што далей?! А далей мы бачым грунтоўную падрыхтоўку с.Дар’яй тэмы, каб кожнаму з нас данесці сэнс, даць каментар, удакладніць яго. Што гэта не Бог спакушае нас, а мы сваёй пажадлівасцю, неўмеркаванасцю аддаляемся ад Яго. Бог ведае, што нам трэба, ужо да таго, як мы папросім. Час быў размеркаваны такім чынам, што можна было яго правесці сам-насам, у адзіноце, і паразважаць. Зрабіла выснову, што трэба знаходзіць час на малітву, час на дыялог з Богам.
Вельмі добра, што ў нас застаўся на руках раздрукаваны матэрыял з каментарамі і тэзісамі, цытатамі святых, каб была магчымасць ізноў і ізноў чытаць і перачытваць”.
“Час прайшоў хутка, а гэта значыць цікава. Простая на першы погляд малітва “Ойча наш”, якая часам прамаўляецца аўтаматычна, прагучала па-новаму, адкрылася з іншага боку, у іншым сэнсе. Яна атрымла больш глыбокую значнасць у нашых вачах! Рэкалекцыі садзейнічалі яднанню з Айцом Нябесным”.
“Я прыехала на рэкалекцыі адна без дзяцей, мабыць, у гэтым быў Божы Провід. Я выдзеліла час для сябе, на асабістую размову, у сваіх думках я вярнулася ў падлеткавыя ўспаміны, калі шмат часу я праводзіла ў касцёле, у мяне быў жывы дыялог з Богам. А калі выйшла замуж, я не чула Яго голас. Я не магла так маліцца і думала: “Куды Ты прапаў?” І менавіта тут я адчула нанова той сапраўдны голас Божы”.
“Я адчула тут поўны спакой, мне вельмі патрэбны быў гэты спакой. Слёзы ачышчэння. Дома я моцная жанчына, дома нельга плакаць, а тут я ўсё аддала Нябеснай Матуле і проста была яе дачкой. Мы для нашага Нябеснага Айца і для нашай Нябеснай Матулі заўсёды будзем дзецьмі: такімі непаслухмянымі, гарэзлівымі… якога б ўзросту мы не былі, мы заўсёды будзем Іх дзецьмі”.
“Вельмі парадавала, што некаторыя прыехалі разам са сваімі сем’ямі, добра, што мы на адной хвалі. Малітва “Ойча наш” цяпер больш зразумелая, дзякуй за разважанні. Вельмі шмат інфармацыі і для мяне яшчэ патрэбны час, каб усё раскласці па паліцам у сваёй галаве. Усё спадабалася, асабліва Ружанец на прыродзе! Таксама для мяне было важным наведванне Юбілейнай святыні - Санктуарыя Маці Божай Тракельскай”.
“Я атрымала шмат уражанняў і сведчанняў аб тым, што Бог усюды, Ён побач, Ён усё ведае, Бог - асоба, Ён са мной і ў маім сэрцы.
Асабліва закранула практыкаванне, калі штодзённую малітву "Ойча наш” мы прачыталі ад першай асобы! Дзе словы НАШ зменены на МОЙ асабісты Ойча….Прапаную кожнаму яе перачытаць для сябе і свайго сэрца!”

.jpg)
