Футбольны дзень распачаўся са св. Імшы, якую узначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага Таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.
Падчас казання святар разважаў над асобай Марыі, якая, будучы цяжарнай, адправілася ў падарожжа, каб дапамагчы сваёй сваячцы Альжбеце, якая таксама была ў благаслаўлёным стане. Ксёндз Віктар адзначыў, што Марыя павінна стаць для нас прыкладам, каб мы, заўважаючы патрэбу іншага чалавека, ішлі і дапамагалі яму, не чакаючы зручных абставінаў ці лепшага моманту. Таксама на прыкладзе Маці Божай мы можам навучыцца радавацца сустрэчы з бліжнімі і служыць людзям добраахвотна, з павагай і любоўю.
Пасля св. Імшы ўсе перайшлі ў будынак араторыя, дзе ўдзельнікаў турніру прывітаў адказны за душпастырства моладзі ў салезіянскай сям’і на Беларусі ксёндз Алег Каралёў SDB. Ксёндз Алег таксама пазнаёміў хлопцаў з анімацыйнай камандай турніру, якая складалася з сабратоў салезіянаў, салезіянаў супрацоўнікаў і аніматараў. Далей галоўны адказны за арганізацыю спаборніцтваў Уладзіслаў Зарэцкі ASC распавёў, якім чынам і ў якім фармаце будуць праходзіць гульні.
Удзел у турніры прынялі каманды з салезіянскіх араторыяў Мінска, Смаргоні і Бараўлянаў. Таксама выступіла каманда арганізатараў, у якую ўваходзілі сабраты салезіяне і салезіяне супрацоўнікі. Іх удзел быў новым і дастаткова паспяховым элементам спаборніцтваў, хлопцам было вельмі цікава пагуляць супраць старэйшых, і на каманду арганізатараў усе настройваліся вельмі сур’ёзна.
Па выніках гульняў, якія былі вельмі напружанымі, трэцяе месца заняла каманда з Мінска, срэбныя медалі атрымала фк “Bosco”са Смаргоні, а пераможцамі восьмага КДС стала каманда з Бараўлянаў. Лепшым брамнікам турніру быў прызнаны Сямён Віткоўскі са Смаргоні, лепшым бамбардзірам - Арсеній Пархімчык з Бараўлянаў, а лепшым гульцом - Антон Нарковіч з Мінска.
Віншуем усіх пераможцаў і запрашаем на наступныя турніры і моладзевыя мерапрыемствы.