У падрыхтоўцы і правядзенні пілігрымкі святарам салезіянам дапамагаюць аніматары, кандыдаты ў аніматары і салезіяне супрацоўнікі. Кожны год СМЕП мае вызначаную тэму, сугучную з дэвізам салезіянскай сям’і. У гэтым годзе тэма СМЕП гучыць так: “Рабіце ўсё з любові і нічога праз сілу!”. Рэкалекцыяністам пілігрымкі сёлета стаў ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB.
Для таго каб пілігрымы маглі лепш зразумець усю глыбіню і прыгажосць абранай тэмы, кожны дзень у СМЕП напоўнены разважаннямі, канферэнцыямі і працай па групах,
якія называюцца пакоямі. У гэтым годзе прадстаўлены наступныя пакоі: капліца, пустыня, дзіцячы пакой, кухня, Online-евангелізацыя і малітоўна-музычны пакой.
Кожны пакой у гэтай салезіянскай хаце павінен адказваць за пэўны накірунак дзейнасці.
У першы дзень пілігрымы сустрэліся на святой Імшы, прыміцыйнай для неапрэзбітэра Міхаіла Радзевіча SDB. Ксяндза нэапрэзбітэра ўрачыстай працэсіяй у святочным вянку ўвялі ў святыню. Казанне да ўсіх прысутных прамовіў ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB. У сваіх разважаннях ён параіў свайму сабрату Міхаілу заўсёды слухаць тое, чаму нас вучыў Хрыстус: мужна абвяшчаць праўды веры і не гневацца, калі цябе не чуюць, калі не жадаюць прымаць веру, якую ім нясеш. Таксама і вернікаў ксёндз Аляксандр заахвоціў адносіцца з павагай да святароў, бо гэта тыя людзі, якія аднаюць нас з Богам.
Пасля святой Імшы ксёндз Міхаіл удзяліў усім прыміцыйнае благаслаўленне і СМЕП21 вырушыў у дарогу.
У першы дзень пілігрымка пераадольвае 21 кіламетр да вёскі Войстам. Тэма канферэнцыі ў гэты дзень гучала так: “ЛЮБОЎ, ЯКАЯ З’ЯЎЛЯЕЦЦА ЎНІКАЛЬНАЙ”, а сімвалам дня было абрана люстэрка. Паглыбляючыся ў дадзеную тэму, ксёндз Артур прыводзіў канкрэтныя прыклады з жыцця святога Францішка Сальскага, а таксама прапаноўваў канкрэтныя ўрыўкі з Евангелля, на якія варта звярнуць увагу. Рэкалекцыяніст падкрэсліваў, што не трэба баяцца адрознівацца ад іншых дзеля Хрыста, быць так званай белай варонай, альбо верыць толькі тады, калі гэта зручна. Любоў Бога павінна нас змяняць, рабіць іншымі і натхняць на евангелізацыю асяроддзя.
У Войстаме пілігрымаў сустрэў мясцовы пробашч Вадзім Сурвіла, які калісьці і сам хадзіў у СМЕП. Святар шчодра акрапіў моладзь вадой, што дало палёгку пасля спякотнага дня.
Вечарам у Войстаме стомленыя, але задаволеныя пілігрымы правялі вясёлы вечар для сябе, а таксама і для жыхароў вёскі. Пасля па старой салезіянскай традыцыі прагучала слоўка на добрую ноч і смепаўцы накіраваліся ў мясцовую школу, каб там адпачыць і набрацца сіл на далейшы шлях.