Прыміцыйная літургія распачалася працэсіяй на ўваход, калі пад гук званоў і радаснага спеву новапрэзбітэр дайшоў да палявога алтара парафіі, дзе распачалася ўрачыстасць. Словы прывітання на пачатку літургіі скіраваў да дастойнага госця кс. Артур Ляшнеўскі SDB, які з’яўляецца даўнім сябрам айца Аляксея. Падчас казання новапрэзбітэр звярнуў увагу сабраных вернікаў на бясконцую любоў Бога да чалавека, якую Ён даказвае на працягу ўсёй гісторыі існавання чалавецтва. Таксама айцец Аляксей падкрэсліў неабходнасць паглыблення кожным чалавекам сваёй веры і адзначыў, што вельмі важна чытаць і вывучаць Божае слова.
Напрыканцы святой Імшы да новавысвячанага святара звярнуўся кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, які падзякаваў прысутным на Эўхарыстыі бацькам новапрэзбітэра за тое, што даверылі сына Богу і падтрымалі яго ў рэалізацыі паклікання. Таксама кс. Здзіслаў заахвоціў прысутную моладзь не баяцца адказаць “так” Богу, калі Ён кліча. Пасля да айца Аляксея са словамі шчырых віншаванняў звярнуліся смаргонскія вернікі.
На заканчэнне айцец Аляксей падзякаваў смаргонцам за цёплы прыём і добрыя сэрцы і ўдзяліў прысутным прыміцыйнае благаслаўленне.