Галоўная Дзейнасць Навіны Сустрэча аб пакліканні для хлопцаў “ProVocatio” адбылася ў мінскім араторыі

Сустрэча аб пакліканні для хлопцаў “ProVocatio” адбылася ў мінскім араторыі

З 29 па 30 красавіка ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі св. Яна Хрысціцеля, салезіяне  прымалі ў гасцях хлопцаў ва ўзросце ад 14 год, якія жадаюць распазнаць сваё жыццёвае пакліканне. Гэтай магчымасцю скарысталася больш 10-ці маладых людзей  з Бараўлян, Дзятлава і Мінска.

Тэматыка апошняй сустрэчы ў гэтым навучальным годзе гучала наступным чынам:  “Вера як рызыка”.

На працягу двух дзён хлопцаў чакала шмат прыгожых супольных момантаў, дзякуючы якім яны маглі лепш пазнаць сябе. Быў час на тое, каб распазнаць уласнае пакліканне, якое прапануе Бог. Субота стала вельмі багатай на розныя прапановы. Спачатку маладыя людзі прынялі ўдзел у канферэнцыі, якую праводзіў клерык Марк Найдзіч SDB. Ён апавядаў аб тым, што без веры немагчыма спадабацца і служыць Богу, а самае галоўнае – не бачыць, а чуць і давяраць голасу Бога. Ён таксама прывёў прыклад Абрагама, які не баяўся і рызыкнуў даверыцца Богу ва ўсім, нават калі Госпад сказаў яму ахвяраваць свайго сына. Напрыканцы канферэнцыі клерык Марк пакінуў хлопцам наступнае пытанне  для разважання: “Калі я сапраўды рызыкаваў з Богам?”

Пасля “духоўнага пасілку” была смачная вячэра. Потым удзельнікі сустрэчы глядзелі фільм “Кніга Ілая”,  які нагадаў пра важнасць Святога Пісання ў жыцці чалавека. Напрыканцы дня прысутныя маліліся на ружанцы і прасілі аб поўным даверы да Божай волі.  А разважанні да таямніц падрыхтавалі самі хлопцы.

Нядзеля распачалася са  снядання і Ютрані, а потым адылося разважанне над Словам Божым з нядзельнага Евангелля метадам  “Lectio divina”. Затым ксёндз Іван Огар SDB правёў канферэнцыю на тэму “Пазнанне сябе”. Ён распавядаў пра грэх самадастатковасці і штодзённы рахунак сумлення, які з’яўляецца добрым настроем для фармавання штодзённай лучнасці з Богам. Кс. Іван у якасці прыкладу прывёў таксама 5 пунктаў добрага рахунку сумлення святога Ігнацыя Лаёлы. Потым адбыўся кульмінацыйны момант дня - святая Імша.

Напрыканцы ўсе разам памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці з разважаннямі, узятымі з “Дзённіка” святой Фаўстыны Кавальскай. Затым браты-салезіяне прапанавалі хлопцам пагуляць у хакей.

Пасля абеду адбылося падвядзенне вынікаў. Удзельнікі падкрэслілі сямейны дух сустрэчы, бо адбывалася яна ў салезіянскім доме. На заканчэнне браты-салезіяне запрасілі хлопцаў зрабіць канкрэтныя пастановы, якія б ім дапамаглі яшчэ больш з’яднацца з Хрыстом.

Падзяліцца: