Урачыстую святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Падтрымаць сястру Дар’ю прыехалі сёстры салезіянкі не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы, прысутнічалі таксама святары салезіяне на чале з ксяндзом дэлегатам Віктарам Гайдукевічам SDB, прадстаўнік міхалітаў ксёндз Генадзь Кухарэвіч CSMA. І канешне сябры і родныя Дар’і не маглі не падтрымаць яе ў такі важны дзень.
У сваёй гаміліі біскуп Аляксандр распавёў пра тое, як Слова Божае змяняе лёсы людзей. Сваім Словам Бог стварыў увесь сусвет, сваім Словам Ён стварыў таксама і сястру Дар’ю і паклікаў яе да асаблівага служэння ў Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. Іерарх звярнуўся да сястры Дар’і з прапановай у сваім жыцці заўсёды слухаць голас Езуса і ісці толькі за Ім, бо словы Езуса даюць упэўненасць, Ён ніколі не падмане. Шматлікія людзі ў сучасным секулярным свеце не могуць зразумець шчасця манаскага жыцця. Але гэтае шчасце ёсць, і яно поўнае, калі слухаць, што прамаўляе Бог і спаўняць Яго волю, падкрэсліў іерарх. Пакліканне кожнага чалавека ў першую чаргу заключаецца ў тым, каб дайсці да святасці. Аднак пакліканне кожнай кансэкраванай асобы выключнае – ісці да святасці хутка, імкнуцца каб ужо ў гэтым зямным жыцці быць такімі дасканалымі, як дасканалым ёсць наш Айцец. Так і сястра Дар’я атрымала пакліканне, быць дасканалай, і сваімі ўчынкамі, сваёй любоўю сведчыць аб праўдзівай святасці, і да гэтай святасці заахвочваць іншых!
Пасля гаміліі ў прысутнасці сясцёр салезіянак і ўсяго Касцёла Дар’я Еўтухоўская склала манаскія абяцанні на рукі сястры Габрыэлі Родэ FMA, а біскуп Аляксандр уручыў ёй канстытуцыі Кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў і крыж.
Цікава, што ў гэты ж дзень Яго Эксцеленцыя біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і сястра Дар’я Еўтухоўская FMA святкавалі і свае дні нараджэння. Таму пасля святой Імшы вернікі, моладзь, святары і сёстры павіншавалі біскупа Аляксандра і сястру Дар’ю з яе падвойным святам. Потым усе прысутныя былі запрошаны на святочны абед у араторый.
Віншуем сястру Дар’ю Еўтухоўскую FMA з гэтым адказным крокам у яе жыцці і дзякуем за яе «Так!», якое яна сказала Пану Богу.