На працягу двух гадоў дзеці рыхтаваліся да гэтай падзеі пад чулым кіраўніцтвам сясцёр салезіянак, асаблівым чынам сястры Люцыі Бальцэвіч FMA. Час прамінуў, за спінаю засталася таксама першая споведзь, і вось надышоў момант адной з галоўнейшых падзей у жыцці кожнага хрысціяніна - сустрэчы з Хрыстом. Дзеткі, іх бацькі і родныя вельмі прыгожа апранутыя і ўзрушаныя прыйшлі да Святыні. Атрымаўшы перад прыступкамі капліцы бацькоўскае благаслаўленне, дзеці перайшлі ў Дом Божы каб упершыню ўпаўнаце ўдзельнічаць у Вячэры Пана.
Святую Імшу цэлебраваў пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB. Падчас казання ён на прыкладзе правоў кіроўцы звярнуў увагу на неабходнасць рэгулярнага жыцця святымі сакрамантамі. Як недастаткова паросту атрымаць дазвол на кіраванне аўтамабілем, каб стаць добрым шафёрам трэба пастаянна практыкавацца, так і для хрысціяніна, недастаткова прымаць Цела Хрыстова раз на год, каб стаць годным увайсці ў брамы Неба - з Езусам неабходна жыць пастаянна.
Ужо на наступны дзень дзеткі, святочна прыбраныя, прайшлі перад Езусам Эўхарыстычным па вуліцах горада Мінска, падчас працэсіі Божага цела. А з панядзелку распачаўся “Белы тыдзень”, падчас якога першакамунійныя хлопцы і дзяўчаты кожнай дзень будуць сустракаць Бога ў святой Камуніі. Жадаем ім моцы праз усё жыццё захаваць свае душы чыстымі і незабруджанымі, такімі, якімі яны ёсць зараз.