У парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на працягу дзевяці месяцаў адбываецца перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай з нагоды 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Завітала Маці Божая і ў салезіянскія парафіі. Так 31 снежня мінулага года фігуру віталі ў Серабранцы ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля, а 6 студзеня Яна накіравалася ў парафію Маці Божай Успамогі Хрысціянаў на Бараўлянскай горцы.
У Серабранцы развітацца з Марыяй сабралася вялікая колькасць парафіянаў, яны маліліся і дзякавалі за магчымасць на працягу тыдня ўзносіць свае просьбы да Бога праз святыя матчыны рукі. У далейшы шлях Марыя накіравалася ў суправаджэнні пробашча Аляксандра Мятліцкага SDB і некаторых парафіянаў. А ў Бараўлянах Марыю з радасцю сустракала вялікая супольнасць мясцовых вернікаў на чале з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB, які спецыяльна прыбыў у Бараўляны на гэтую Урачыстасць. Парафіяне склалі Маці Божай свае просьбы, падзякі і перапрашэнні.
У гаміліі падчас урачыстай святой Імшы біскуп Аляксандр засяродзіў увагу браўлянскіх парафіянаў на трох таямніцах, якія Маці Божая адкрыла дзецям у сваіх аб’яўленнях у Фаціме 100 гадоў таму. Ён адзначыў, што гэтыя падзеі падкрэсліваюць вялікую любоў Марыі да сваіх зямных дзяцей. Напрыканцы святой Імшы пробашч бараўлянскай парафіі ксёндз Казімір Шыдэлка SDB выказаў словы ўдзячнасці Яго Эксцэленцыі за прысутнасць і пастырскае настаўленне.
Фігура Маці Божай Фацімскай будзе прабываць у Бараўлянах да аўторка.