Да гэтага моманту рыхтаваліся ўжо даўно, у першую чаргу малітоўна, 10 год, праз якія ксёндз Алег рыхтаваўся каб стаць святаром, парафія, родныя і блізкія, уся салезіянская сям’я маліліся за яго. Непасрэдна перад самой урачыстасцю трэба было падрыхтавацца таксама і фізічна, упрыгожыць касцёл, адрэпетаваць спевы, падрыхтаваць літургію.
І вось гэты дзень надышоў. Шматлікія госці з розных куткоў свету, родныя, блізкія, настаўнікі, сябры, знаёмыя, кс. Алега а таксама парафіяне і моладзь сабраліся ў Серабранцы, каб стаць сведкамі гэтай радаснай падзеі.
Уступнае слова ўзяў рэгіянальны настаяцель салезіянскай супольнасці на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ён прывітаў усіх прысутных, падзякаваў сям’і дыякана Алега, якая выхавала для салезіянскай сям’і годнага сабрата. Асаблівым чынам дэлегат прывітаў будучага святара Алега Каралёва SDB.
Біскуп Аляксандар падчас сваёй прамовы скіраваў словы да будучага ксяндза Алега. Біскуп падкрэсліў, што дыякан Алег сам выбраў шлях святара, гэта свядомы адказ на пакліканне і рэалізуючы гэта пакліканне неабходна імкнуцца дайсці да святасці. Прэзбітарскае пасвячэнне, не дае нейкага асаблівага статуса, не стварае дадатковыя прывілеі. У першую чаргу прэсбітар робіцца слугою, слугою людзей да якіх пастаўлены. Стаўшы святаром атрымліваеш заданне абуджаць у людзях любоў да Бога, міласэрнасць, дабрыню. Салезіянскі святар павінен быць разам з моладдзю, шукаць маладых людзей, быць побач з сем’ямі, быць падтрымкай і апорай у цяжкасцях, паказваць прыгажосць і радасць, адкрытасць і любоў, Божае айцоўства і мацярынства Касцёла.
“Дарагі дыякан Алег, сёння Святым, Каталіцкім і Апостальскім Касцёлам, праз ускладанне маіх рук як Наступніка Апосталаў, табе давяраецца місія прэзбітэра. І тое, якім чынам, з якім духам і наколькі рупліва ты будзеш яе выконваць, некалі зможаш адказаць толькі ты сам. Галоўнае – не бойся! Таму што сваё служэнне ты выконваеш у Касцёле, які заўсёды быў пакліканы да служэння ў любові і адданасці братам і сёстрам у Хрысце.
Дай Езусу свае рукі і сваё сэрца, пазыч Яму свае вусны для абвяшчэння Евангелля, якое заўсёды прыносіць вясну духоўнага абнаўлення. Май чыстае сэрца і чысты позірк, і тады будзеш мець шмат добрых сяброў. Дай іншым Хрыста, і тады ўсё астатняе табе як манаху будзе лягчэй раздаваць іншым.” – Такім прыгожым бацькоўскім настаўленнем біскуп Аляксандр скончыў сваё, поўнае любові і цяплыні, казанне. Настаўленне было сапраўды бацькоўскім, бо будучы ксяндзом, біскуп Аляксандр быў першым фарматарам дыякана Алега ў прынавіцыяце.
Пасля прыгожага моманту святарскага пасвячэння Ксёндз Алег далучыўся да святарскай супольнасці каля алтара, каб разам прыняць удзел у таямніцы Перамянення хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, а таксама ўдзяліць вернікам Сакрамэнт Эўхарыстыі. Кранаючым было ўдзяленне святой Камуніі, са слязамі на вачах парафіяне прымалі Хрыстова Цела ў новым касцёле з рук новага святара, з рук іхняга некалі хлопчыка Алега, а цяпер ужо ксяндза Алега Каралёва SDB.
Напрыканцы Імшы ксёндз Алег падзякаваў усім прысутным, сям’і, святарам, сёстрам, моладзі і парафіянам, і вельмі прасіў аб малітве ў яго інтэнцыі. Таксама ён паабяцаў, што ўсё сваё жыццё да рэшты прысвеціць моладзі.
З радасцю вітаем ксяндза Алега SDB. Жадаем апекі Маці Божай і плённай працы ў збаўленні душ. Заклікаем таксама ўсіх да малітвы за новага святара, які будзе несці слова Божае на нашай зямлі!
“Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў” (Ян 15, 16).