Галоўная Дзейнасць Навіны Пасланне Генеральнага Настаяцеля дона Анхеля Фернандэса Арцімэ

Пасланне Генеральнага Настаяцеля дона Анхеля Фернандэса Арцімэ

Першы раз быў незабыўны. У 1875 годзе на свята святога Марціна ў аддаленым куце Турыну пачыналася незвычайная экпедыцыя, хоць свет аб гэтым і не ведаў, – дзесяць маладых салезіянаў ад’язджалі ў Аргентыну. То былі першыя салезіянскія місіянеры. 

  У Memori Biografiche (Біяграфічныя мемуары) гэты момант успамінаецца ўзвышанымі словамі: “Адбіла чатыры гадзіны і адгучалі першыя ноты канцэрта званоў, калі ў доме пачуўся моцны грукат у дзверы і вокны. Узняўся такі магутны вецер, быццам ён хацеў зраўняць араторый з зямлёй. Бачна, што гэта супадзенне, але фактам ёсць тое, што такі самы вецер узнімаўся ў тыя хвіліны, калі быў пакладзены першы камень у падмурак касцёла Марыі Ўспамогі Хрысціянаў. І такі ж самы вецер узнімаўся, калі было асвячэнне гэтай святыні. 

  Базыліка была перапоўнена. Дон Боско ўзышоў на амбону. Калі ён з’явіўся, у тым шматлюдным людскім моры запанавала глыбокая цішыня. Усіх прысутных ахапіла трапяткое замілаванне, з якім яны прагна слухалі яго словы. Кожны раз, калі ён паказваў на місіянераў, яго голас заціхаў. Ён мужна стрымліваў слёзы, але слухачы плакалі. 

  “Мой голас здраджвае мне, слёзы душаць мае словы. Адно хачу вам сказаць, што гэтак жа, як мая душа ў гэтыя хвіліны кранутая вашым ад’ездам, маё сэрца напоўнена вялікім суцяшэннем, калі я бачу, як наша кангрэгацыя ўмацоўваецца, калі бачу, што і мы ў сваёй мізэрнасці ўкладаем у гэты момант наш каменьчык у вялікі будынак Касцёла. 

  Так, ідзіце смела. Ёсць толькі адзін касцёл, які распаўсюджваецца ў Еўропе, Амерыцы і па ўсім свеце, і прымае жыхароў усіх народаў, якія хочуць прыйсці і ўкрыцца ў яго абдымках. І ў якой бы вы немаведама  аддаленай краіне не знаходзіліся, як салезіяне памятайце, што тут, у Італіі, маеце айца, які вас любіць у Пану, Кангрэгацыя, якая заўсёды думае аб вас, клапоціцца аб вас і заўсёды прыме вас як братоў. Ідзіце. Вам прыйдзецца сутыкнуцца з усімі відамі напружаных і знясільваючых намаганняў і небяспек. Але не бойцеся – Бог з вамі. Вы ідзіцё, але ідзіцё не адныя – усе будуць вас суправаджаць. З Богам! Напэўна, не ўсе мы будзем мець магчымасць убачыцца на гэтай зямлі” (МВ ХІ , 381-390).

  Дон Боско іх абняў і кожнаму даў невялікі аркушык з дваццацю асабовымі ўспамінамі, як айцоўскі тэстамэнт для сыноў, якіх ужо, магчыма, ніколі не ўбачыць. Ён напісаў іх алоўкам у нататніку ў часе свайго нядаўняга падарожжа на цягніку. 

 

                                                         ДРЭВА РАСЦЕ

 

25 верасня мы такую хвіліну замілавання перажылі ўжо ў 153 раз. Сёння іх клічуць Аскар, Себасцьян, Жан-Мары, Тоні, Карлас… Іх дваццаць пяць, яны маладыя, падрыхтаваныя, але ў сваіх вачах і сэрцах яны нясуць свядомасць і адвагу тых першых. Яны на чале таго, аб чым я прасіў усю салезіянскую сям’ю на працягу гэтых шасці гадоў: адвага, прароцтва і вернасць. 

  Дон Боско зрабіў невялікае прароцтва: “Пачынаем вялікую справу не за тое, што мы прэтэндуем, альбо думаем, што за некалькі дзён перавернем увесь свет – не. Але, хто ведае, ці не стане гэты ад’езд тым зярняткам, з якога вырасце вялікае дрэва. Хто ведае, ці не будзе яно як тое зярнятка проса ці гарчычнае зярнятка, якое паступова павялічваецца ў памерах, і ці не прынясе яно шмат дабра. Хто ведае, ці не абудзіць гэты ад’езд у сэрцах многіх прагу прысвяціць сябе Богу на місіях, прыналежаць да нашага арганізма і ўмацаваць нашыя шэрагі. Спадзяюся, што так. Я бачыў вялікую колькасць тых, якія б жадалі, каб выбралі іх” (МВ ХІ, 385).

  Адзін салезіянін пасля сарака гадоў місіянерскага жыцця сведчыць: “Адзін чалавек, ужо ў сталым веку, мне сказаў: “Не расказвай мне аб Хрысце; сядзь каля мяне, хачу адчуваць твой пах, і калі гэта Яго пах, то тады можаш пахрысціць мяне”.

  Пятая парада дона Боско місіянерам гучала так: “Асабліва клапаціцеся аб хворых, аб дзецях, аб старых і аб бедных”.

  Жывём у час, да якога мусім падыходзіць з абноўленным мысленнем, якое “ведае, як пераадольваць межы”. У свеце, у якім ёсць пагроза закрыцця межаў, прароцтва нашага жыцця таксама ў тым, каб паказаць, што для нас не існуюць аніякія межы. Адзіная рэч, якую насамрэч маем, –  гэта Бог, Евангелле і місія.  

  Мару аб тым, што сёння і ў наступныя гады імя “салезіяне дона Боско” для людзей, што будуць яго чуць, будзе азначаць, што мы пасвечаны, але як тыя троху блазаны ці вар’яты, бо любім маладых, асабліва тых найбяднейшых, пакінутых і безабаронных, з сапраўды салезіянскім сэрцам. Здаецца мне, што гэта найпрыгажэйшае вызначэнне сыноў дона Боско, якое можна выказаць сёння. Я ўпэнены, што наш айцец хацеў бы менавіта гэтага. 

  Яны, як і раней, ад’язджаюць і аддаюць сваё жыццё Богу. Не толькі словамі. Кангрэгацыя заплаціла таксама крывавую даніну. Святарскі дэвіз, які выбраў для сябе мучанік Рудольф Лункенбэйн пры высвячэнні, гучаў так: “Я прыйшоў служыць і аддаць сваё жыццё”. У часе яго апошняга наведвання Германіі ў 1974 годзе яго маці прасіла, каб ён быў асцярожным, бо яе інфармавалі аб рызыцы, пад якой знаходзіцца яе сын. На што той адказаў: “Мама, чаму ты хвалюешся? Няма нічога больш прыгожага, чым памерці за Божую справу. Гэта было б маёй марай”. 

Я цвёрда ўпэўнены, што нашая сям’я на працягу наступных шасці гадоў павінна крочыць у напрамку большай універсальнасці і свету без межаў. Дзяржавы маюць межы. Наша шчодрасць, якая падтрымлівае місію, не можа і не павінна ведаць межы. Прароцтва, аб якім мы павінны як Кангрэгацыя сведчыць, не мае межаў. 

  Адзін місіянер распавядаў, што адпраўляў Імшу для карэнных жыхароў гор непадалёк Качабамбы, у Балівіі. Ён быў маладым святаром і на мясцовай мове не мог сказаць амаль нічога. Калі пасля Імшы ён збіраўся дадому, меў пачуццё, што гэта было фіяска, бо ён зусім не здолеў камунікаваць. Але з’явіўся нейкі стары, бедна апрануты селянін і падзякаваў маладому місіянеру за тое, што ён прыйшоў да іх. А потым зрабіў нечаканы жэст. “Хутчэй, чым я паспеў адчыніць рот, стары селянін уклаў рукі да кішэняў свайго плашчу і дастаў адтуль дзве прыгаршчы рознакаляровых пялёсткаў ружы. Стаўшы на цыпкі, ён жэстам паказаў, каб я дапамог яму і схіліў да яго сваю галаву. Ён выпусціў тыя пялёсткі мне на галаву, і я страціў дар мовы. Зноў пацягнуўся да кішэняў і яму пашчасціла выцягнуць яшчэ дзве прыгоршчы пялёсткаў. Некалькі разоў ён рабіў гэты жэст і здавалася, што гэтым запасам чырвоных, ружовых і жоўтых пялёсткаў ружы не будзе канца. Я ж проста стаяў і дазваляў яму гэта рабіць, прытым пазіраючы на свае huaraches (скураныя сандалі), што былі мокрымі ад маіх слёзаў і пакрытыя пялёсткамі ружаў. Нарэшце, ён развітаўся і адышоў. Я застаўся адзін. З водарам руж”. 

  Са свайго вопыту магу вам сказаць, што мільёны сем’яў ва ўсім свеце поўныя ўдзячнасці салезіянам, якія сталі сярод іх “Евангеллем”.

(Паводле Il Bollettino Salesiano, кастрычнік 2022)

Падзяліцца: