Галоўная Дзейнасць Навіны Пасланне Генеральнага Настаяцеля, чэрвень 2025

Пасланне Генеральнага Настаяцеля, чэрвень 2025

ПАСЛАННЕ ГЕНЕРАЛЬНАГА НАСТАЯЦЕЛЯ

Кс. Фабіо Атарда

 

                  ВЫХОЎВАЦЬ ЗА МЕЖАМІ СЛАБАСЦЯЎ

  Сустрэча Езуса з Пятром асвятляе і прадстаўляе ў асобым святле нашу місію евангелізатараў і выхавацеляў.

  У апошняй, дваццаць першай, главе Евангелля паволе Яна мы бачым сустрэчу Езуса з Пятром. Мы чытаем дыялог, пабудаваны на трох пытаннях, які заканчваецца даручэннем (Ян 21, 15-23). Я б хацеў пракаментаваць гэтую сустрэчу, якая пралівае асаблівае святло на нашу місію евангелізатараў і выхавацеляў. Гэты ўрывак прадстаўляе прынцыповы момант у жыцці Пятра, а таксама ў жыцці Касцёла, які толькі нараджаецца. Для нас, прымаючых на сябе салезіянскую місію, ён мае таксама вялікае выхаваўчае і пастырскае значэнне.

  Па сваім змёртвыхпаўстанні Езус з’явіўся вучням на Тыберыядскім моры і пасля сумеснага сняданка звярнуўся да Сымона Пятра з трыма паслядоўнымі пытаннямі, якія тычыліся прамых адносінаў паміж Ім і Пятром: “Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?” У першых двух пытаннях Езус кажа аб патрабавальнай любові, якая не зважае на кошт. Пытанне, якое Пятру задае двойчы, з’яўляецца патрабавальным і абавязваючым выклікам. Пётр усведамляе сваю слабасць, выкліканую ягонай здрадай. З гэтай нагоды ён двойчы дае адказ, які сведчыць аб любові, але аб любові больш чалавечай, крохкай. Насуперак гэтым двум адказам, Езус даручае яму клопат аб сваім статку.

  Менавіта трэцяе пытанне ставіць Пятра ў крызіснае становішча, бо Езус просіць ягоных намаганняў менавіта ў той любові, да якой ён здольны: чалавечай любові з яе слабасцямі, крохкасцю і абмежаванасцю. Мы можам сказаць, што Езус зноўку заклікае Пятра да “высокай” любові, але не хоча ставіць яго ў сітуацыю, калі яму будзе падавацца гэта немагчымым і ён страціць мужнасць.

  Пётр, зноў жа, ўсведамляе, што яго любоў слабая, і ў той самы час Езус робіць усё магчымае, каб дапамагчы яму не здацца. Ён хоча быць шчырым і застацца побач з Езусам. А ягоны адказ на трэцяе пытанне з’яўляецца сведчаннем таго, што сваё сэрца, хоць і зраненае, прагне цалкам аддаць да рук Езуса: “Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”(Ян 21, 17).

  Такім чынам, мы бачым, што тут не проста трохкратны дыялог, які прыпамінае і пераўзыходзіць тройчае адрачэнне Пятра перад катаваннем Езуса. Мы маем тут прыклад дыялогу, які вызначае шлях, закладзены на сапраўднай любові і садзейнічаючы прымірэнню, шлях, які натхняе да ўзрастання і адказнасці перад сабой і іншымі. Мы бачым, што гэты дыялог паміж Езусам і Пятром з’яўляецца узорам духоўнага і чалавечага выхавання.

  Тут ёсць некалькі назіранняў, якія дапамогуць нам, суправаджаючым дзяцей і моладзь у іх узрастанні і жыццёвым сталенні.

   Сапраўдная любоў заснавана на даверы, які ніколі не падманвае

  Езус не толькі прабачае Пятру пасля ягонай здрады, але ідзе яшчэ далей: даручае яму яшчэ большую адказнасць. Гэта незвычайны прыклад выхавання для ўсіх нас - праява даверу, як новае пацвярджэнне той павагі, якую маем да гэтай асобы. Гэта любоў, якая надзяляе годнасцю і адказнасцю. Езус не абмяжоўвае сябе толькі прабачэннем, але вяртае Пятра да ягонай місіі, узбагачанага ўсведамленнем чагосьці новага.

      Павага да індывідуальнага тэмпу і індывідуальнага шляху

  Здрада Пятра, якую прадказаў Езус, не суправаджаецца звычайнай рэакцыяй: “Я ж табе гэта казаў!” Езус “бачыць ”, але “бачыць” і далей. Любоў Езуса ведае чалавечую слабасць, але мае сілу абудзіць унутры зраненага сэрца зярнятка дабра. І гэтае зярнатка ніколі не страціцца. Мы бачым як Езус знаходзіць і робіць усё магчымае для таго, каб праявілася тое, што дон Боско называў кропкай дабрыні ў сэрцы кожнага хлопца. Зробленае зло ніколі не павінна мець апошняга слова. Апошняе слова павінна мець толькі любоў і міласэрнасць Добрага Пастыра.

  Гэта азначае, што трэба мець адпаведнае цярпенне і даць адпаведны час. Вопыт вучыць нас, што часта на садзеенае зло трэба рэагаваць любоўю, цярпеннем і спачуваннем. Асабліва гэта тычыцца дзяцей і моладзі - і дон Боско гэта вельмі добра каментуе, калі кажа аб прэвентыўнай сістэме. У момант, калі дзеці і моладзь адчуваюць сябе атуленымі пастаяннай любоўю, якая дапамагае і не асуджае, якая слухае і не загадвае, спрацоўвае тая схаваная, але прысутная дабрыня. Гэта той дзейсны рычаг, што запускае сюрпрызы дабрыні - і аб гэтым мы часта забываем, альбо гэта перакрываюць перажытае і ўласны негатыўны вопыт.

  Як жа неабходна сёння, каб нашыя дзеці і моладзь знайшлі дарослых, бацькоў і выхавацеляў, якія б былі сапраўды дарослымі і сталымі, церпялівымі і празарлівымі. Аўтэнтычнымі з’яўляюцца тыя шляхі, якія паважаюць унікальнасць чалавека - з ягонымі слабасцямі, але таксама і з ягоным патэнцыялам. Сапраўднымі дабрадзеямі мы будзем тады, калі зможам успрымаць час як прастору для паступовага і няўхільнага ўзрастання. Такія адносіны дазваляюць пазбегнуць “вызначэнняў” альбо, што яшчэ горш, навязвання стандартызаваных мадэляў, якія абмяжоўваюць пэўнымі рамкамі.

                                       Спакуса параўнання

  Напрыканцы сустрэчы Езуса з Пятром ёсць адна дэталь, якую я б хацеў пракаментаваць. Пётр пытаецца ў Езуса аб Яне: “А ён?” Але Езус, як мы сёння кажам, абрывае яго: “Калі я хачу, каб ён застаўся, пакуль не прыйду, што табе да таго?”

  Гэта вельмі лаканічны адказ і таксама добры ўрок для Пятра. Езус заклікае Пятра, каб той засяродзіўся на сваім уласным росце і не задаваў дапытлівых і непатрэбных пытанняў аб іншых. І гэты “лаканічны” адказ цалкам да месца. Быць адказнымі і дапамагаць ісці да адказнасці за сябе саміх патрабуе і тлумачэння ўмоў, каб працэс не пашкодзіўся. Бо рызыка параўнання і прыраўнавання сябе да іншых згубная. Сапраўдны шлях выхавання - асабісты, а не спаборніцкі. Адцягванне ўвагі з сябе на іншых адводзіць чалавека ад ўласнага шляху.

               Заключэнне: выхаванне як адносіны любові, якія

                                   ствараюць будучыню

  Кульмінацыяй урыўку з’яўляецца заклік: “Ідзі за мной!” У гэтых словах змешчана сутнасць хрысціянскага выхаваўчага працэсу: асабістае суправаджэнне, прамыя адносіны з Настаўнікам. Аўтэнтычнае выхаванне - гэта не перадача ведаў, а прывядзенне да жывых адносінаў.

  Патроенае “ты мяне любіш?” паказвае, што любоў - падмурак кожных сапраўдных выхаваўчых адносін. Бо толькі калі выхавацель па-сапраўднаму любіць таго, каго выхоўвае, а ягоны выхаваўца адказвае любоўю, ствараецца такая прастора свабоды і даверу, у якой чалавек можа паўнавартасна ўзрастаць. Хрысціянскае выхаванне і салезіянскі вопыт знаходзяць у гэтым урыўку ўзвышаную мадэль: працэс перамены, заснаваны на любові, прабачэнні, даверу і павазе да свабоды.

(Паводле Il Bollettino Salesiano, чэрвень 2025)

Падзяліцца: