Прызначэнне ксяндза Анхеля Фернандэса Арцімэ з’яўляецца знакам даверу і надзеі, якія Святы Айцец папа Францішак ускладае на ксяндза Анхеля і салезіянаў ксяндза Боско.
Уключэнне новых кардыналаў у склад Рымскай дыяцэзіі таксама сведчыць аб непарыўнай сувязі паміж Пятровым Пасадам і партыкулярнымі Касцёламі, распаўсюджанымі па ўсім свеце. Іх паходжанне выражае паўсюднасць Касцёла, які працягвае абвяшчаць міласэрную любоў Бога ўсім людзям на зямлі.
На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец запрасіў усіх да малітвы за новых кардыналаў: “Молімся за новых кардыналаў, каб яны, пацвярджаючы сваю вернасць Хрысту, міласэрнаму і вернаму Першасвятару (пар. Гбр 2, 17), маглі дапамагчы мне ў маім служэнні біскупа Рыма дзеля дабра ўсяго вернага народа Божага”.
Айцец Анхель нарадзіўся 21 жніўня 1960 г. у Гозон-Луанка, Астурыя, Іспанія. Ён склаў першыя манаскія абяцанні 3 верасня 1978 г., вечныя - 17 чэрвеня 1984 г. у Сант’яга-дэ-Кампастэла і быў пасвечаны ў святары 4 ліпеня 1987 г. у Леоне.
Ён мае ступень бакалаўра у галіне пастырскай тэалогіі і ліцэнзію ў галіне філасофіі і педагогікі. Быў дэлегатам правінцыі па справах моладзі, рэктарам школы ў Орэнсе, членам Рады правінцыі і віцэ-правінцыялам, а ў 2000-2006 гадах быў настаяцелем правінцыі.
Пасля ўдзелу ў Падрыхтоўчай камісіі, якая падрыхтавала 26-ю Генеральную Капітулу ў 2009 г., ён быў прызначаны правінцыялам Паўднёвай Аргенціны ў Буэнас-Айрэсе. У гэтай якасці ён таксама пазнаёміўся і асабіста працаваў з тагачасным арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, кардыналам Хорхэ Марыё Берголіа, сёння Папам Францішкам.
23 снежня 2013 г. быў прызначаны настаяцелем новай міжземнаморскай правінцыі Іспаніі, прысвечанай Марыі Успамогі Хрысціянаў. Але перш чым ён змог прыняць гэтую новую ролю, 25 сакавіка 2014 г. 27 Генеральны капітул выбраў яго новым Генеральным настаяцелем салезіянскай кангрэгацыі і 10-м наступнікам ксяндза Боско. 11 сакавіка 2020 г. 28 Генеральны капітул абраў яго Генеральным настаяцелем салезіянаў на другі шасцігадовы тэрмін з 2020 па 2026 гг.