Галоўная Дзейнасць Навіны Памёр бацька Генеральнага гастаяцеля салезіянскага таварыства ксяндза Анхеля Фярнандэса Арцімэ

Памёр бацька Генеральнага гастаяцеля салезіянскага таварыства ксяндза Анхеля Фярнандэса Арцімэ

15 верасня пасля працяглай хваробы на 89 годзе жыцця адышоў у вечнасць Анхель Фярнандэс Фярнандэс, бацька Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства ксяндза Анхеля Фярнандэса Арцімэ SDB.

Нарадзіўся Фярнандэс Фярнандэс 12 чэрвеня 1932 года ў мястэчку Луанко, Іспанія. 

Ксёндз Анхель быў вельмі прывязаны да бацькі і з цеплынёй успамінае некаторыя яго рысы: “Кожны дзень пры добрым надвор’і ён хадзіў паглядзець «сваё мора». Ён працаваў рыбаком з 13 да 78 гадоў”.

“Ён быў вельмі спакойным і разважлівым чалавекам, магчыма, гэтаму паспрыялі шматлікія гадзіны, праведзеныя ў адзіноце на моры. Быў простым, з добрым сэрцам і вельмі адданым сям’і, ніколі не шукаў для сябе нічога асаблівага, ён быў шчаслівы. Тата быў вельмі працавіты, я адчуваю сябе як вучань каля майстра, калі параўноўваю сябе з ім”, – дадаў ксёндз Анхель.

Кажучы пра духоўнае жыццё свайго бацькі, Генеральны настаяцель адзначыў: "Калі ён выйшаў на пенсію, то кожны дзень хадзіў на св. Імшу, на сустрэчу з Езусам, і штодзённа ахвяраваў грошы на дабрачыннасць”. 

Пахаванне адбудзецца 16 верасня ў парафіі Санта-Марыя-Луанко-Гозон. На набажэнства прыедзе шмат салезіянаў з розных правінцый Іспаніі.

Генеральны настаяцель выказвае глыбокую падзяку ўсім, хто аказвае малітоўную падтрымку яго сям’і ў гэты няпросты час.

Падзяліцца: