Вернікі салезіянскай парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргонi ўшанавалі гэтага святога падчас нядзельнай святой Імшы. Асаблівым момантам літургіі было прыняцце чатырнаццаці хлопцаў у міністранты. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB, які суправаджаў юнакоў падчас фармацыйнай падрыхтоўкі да гэтага моманту, урачыста апрануў кожнаму комжу і благаславіў на плённае служэнне. Юнакі выказалі перад сабранымі сваё жаданне служыць Богу і парафіі і склалі абяцанні міністранта.
Пасля абраду прыняцця міністрантаў адбылося прыняцце дваццаці аднаго новага члена клуба св. Дамініка Савіо. Моладзь старэйшай групы аднавіла пастанаўленні, зробленыя ў мінулым годзе, дзеці з малодшай групы прысягнулі ўпершыню. Абяцанні жыць у сяброўстве з Езусам і Марыяй, сумленна выконваць свае абавязкі, пазбягаць цяжкага граху выканаць зусім няпроста. Але хлопцы і дзяўчаты ўпэўнены ў сур’ёзнасці сваіх намераў і ў тым, што з радасцю дапамогуць адзін аднаму дайсці да святасці па прыкладу свайго нябеснага заступніка.
Члены “Савіо-клуба” стараюцца ў сваім жыцці наследаваць прыклад св. Дамініка, будуючы сваё жыццё згодна з рэцэптам святасці: радасць, дабразычлівасць i сумленнае выкананне сваіх абавязкаў.
Пасля супольнай Эўхарыстыі вернікі накіраваліся на “Савіо-фэст” пры палявым алтары, дзе ўсіх чакаў вялікі сюрпрыз. Дзеці і іх бацькі маглі пазнаёміцца з рознымі святымі - Дамiнiкам Савіо, Стэфанам Шандорам, Лаўрай Вікуньяй і Альбертам Марвэлі. Дзеці ўдзельнічалі ў гульнях, танцах і супольных забавах.