Галоўная Дзейнасць Навіны Новыя лектары прынятыя ў Смаргоні

Новыя лектары прынятыя ў Смаргоні

Лектар – гэта асаблівая паслуга падчас Літургіі, якая цалкам накіраваная на чытанне і ўшанаванне Божага Слова. Кандыдаты амаль два гады рыхтаваліся падчас лектарскага курсу. На фармацыйных сустрэчах паглыблялі гісторыю і сэнс святой Бібліі, а таксама ўдзельнічалі ў аратарскіх трэнінгах, каб выразна і з пашанай чытаць Божае Слова.

Падчас гаміліі кс. Артур Ляшнеўскі SDB задаў прысутным пытанне, кім ёсць Дух Святы. Святар падкрэсліў, што Дух не ў агні, віхры альбо ў белым галубе – гэта толькі знакі, якія даюць нам зразумець, што Ён блізка і што нам неабходна звярнуць на Яго ўвагу. “Дух Святы дзейнічае праз канкрэтных асоб, – працягваў святар, – гэта значыць, што сёння менавіта праз нас! І мы павінны як апосталы вырвацца з зачыненага вячэрніка нашага эгаізму, каб сустрэцца з іншым чалавекам і распавесці, як моцна яго любіць Бог. Толькі тады іншыя людзі, бачучы католікаў, якія не хаваюцца і не баяцца сведчыць пра любоў, упэўненна скажуць: “Вось Ён, Дух Святы!”.

Пасля гаміліі кандыдаты атрымалі альбу – літургічнае адзенне, якое будуць насіць падчас святых цэлебрацый. Затым кожны, укленчыўшы перад святаром, атрымаў кнігу Святога Пісання з напамінам, што адгэтуль будзе “вуснамі Бога” і павінен старанна і з павагай перадаваць люду Божаму Словы гэтай святой Кнігі. Кандыдаты правомілі абяцанні любіць і годна абвяшчаць Божае слова падчас Літургіі і ў жыцці.

Падзяліцца: