Галоўная Дзейнасць Навіны Новапрызначаны дэлегат салезіянаў на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB уступіў у свае абавязкі

Новапрызначаны дэлегат салезіянаў на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB уступіў у свае абавязкі

Падчас Імшы таксама ў свае абавязкі ўступіў новапрызначаны дэлегат для салезіянаў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. 

Святую Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а з казаннем да сабраных звярнуўся ксёндз Павел. Новапрызначаны дэлегат разважаў над Евангеллем і пакліканнем. Святар прадасцярог, каб пры выкананні свайго паклікання мы не параўноўвалі сябе з іншымі людзьмі, а глядзелі ў першую чаргу на вобраз Божы. І першым крокам для добрага выканання свайго паклікання з’яўляецца адказ на пытанне “Кім Ты лічаш Езуса?”, а другім крокам адказ на пытанне “Чым для цябе з’яўляецца тваё пакліканне?”. Каб быць добрым хрысціянінам, трэба быць гатовым браць на сябе адказнасць за людзей, якія знаходзяцца побач, якіх Бог нам даверыў. І трэці крок – браць свой крыж і ісці за Езусам, каб зберагчы сваё жыццё. “Няхай ў нашым жыцці часцей будзе прага і жаданне параўновацца з Хрыстом, параўновацца з Айцом Нябесным, параўноўвацца з Духам Святым, з Тройцай Адзінай. І няхай кожны з нас вучыцца не траціць час на параўнованне сябе з нейкімі зоркамі, суседам альбо суседкай”, – такімі словамі святар завяршыў сваю навуку.

Пасля казання найстарэйшы салезіянін на Беларусі кс. Здзіслаў Вэдэр SDB зачытаў ліст прызначэння кс. Паўла на пасаду рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі, а ксёндз Павел у знак згоды прачытаў Апостальскі сімвал веры. Пасля гэтага кс. Здзіслаў і кс. Павел на алтары падпісалі адпаведныя дакумэнты.

Пасля святой Імшы былі зачытаны лісты да былога і новапрызначанага дэлегата ад інспектара салезіянскай інспекторыі св. Станіслава Косткі ў Варшаве ксяндза Тадэвуша Ярэцкага SDB, у якіх ён выказаў падзяку за руплівую і адданую працу ў якасці рэгіянальнага настаяцеля ксяндзу Віктару Гайдукевічу, які займаў гэтую пасаду на працягу дзевяці год, і таксама пажадаў кс. Паўлу адвагі і Божага благаслаўленне на новым і адказным этапе рэалізацыі салезіянскага паклікання.

Сваю падзяку ксяндзу Віктару выказалі і сабраты салезіяне, якія параўналі яго з ледаколам, які ішоў першым і адважна вёў салезіянскае таварыства наперад, незважаючы на шматлікія цяжкасці і перашкоды. 

Словы падзякі да былога дэлегата выказалі таксама і усе галіны салезіянскай сям’і: сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, суполка ADMA і моладзь. Лейтматывам кожнай падзякі было тое, што на працягу апошніх дзевяці год кожны адчуваў ад кс. Віктара па-сапраўднаму айцоўскую апеку, падтрымку і клопат аб салезіянскай справе на Беларусі.

Біскуп Аляксандр у сваю чаргу ўзгадаў, як яны разам з ксяндзом Віктарам дзевяць год таму падчас пелегрынацыі рэліквій св. Яна Боско па Беларусі перагарнулі новую старонку гісторыі салезіянскага таварыства на нашых землях. Як шмат было хваляванняў і планаў, складаных рашэнняў, перспектываў развіцця. Біскуп адзначыў наступныя пункты, якія дасягнула салезіянскае таварыства падчас кадэнцыі ксяндза Віктара:

  1. аб’ядналіся ўсе салезіянскія супольнасці Беларусі, пачаўся працэс развіцця і станаўлення салезіянскай духоўнасці на нашых землях,
  2. салезіянская харызма стала вельмі заўважнай у беларускім Касцёле, дынамізм развіцця таварыства выклікаў увагу і захапленне,
  3. салезіяне сталі для многіх прыкладам адвагі ў працы і рэалізацыі пастаўленых мэтаў,
  4. было прыведзена ў парадак прававое дзеянне салезіянскіх структур, на касцёльным і дзяржаўным узроўні,
  5. сфарміраваўся адметны, салезіянскі стыль працы з моладдзю,
  6. быў створаны офіс развіцця дэлегатуры – свецкіх асоб, якія працуюць дзеля равіцця і пашырэння салезіянскай харызмы.

“Гледзячы на ўсе гэтыя пункты, хочацца сказаць ксяндзу Віктару толькі адно слова - дзякуй!” – падкрэсліў іерарх.

Звяртаючыся да ксяндза Паўла, іерарх адзначыў, што добра ведае новапрызначанага дэлегата, таму ўпэўнены, што салезіянскае таварыства ў надзейных руках, а таксама пажадаў адвагі і поспехаў на новай і адказанай пасадзе.

Напрыканцы ксёндз Віктар выказаў усім падзяку за добрыя словы і падкрэсліў, што ўсе яны адносяцца не да яго асабіста, а да кожнага сабрата і кожнага члена салезіянскай сям’і, бо на працягу апошніх дзевяці год ён адчуваў неверагодную падтрымку і ўзрастаў разам з усімі, браў энергію і натхненне ад кожнага і дзякуючы гэтаму знаходзіў сілы рухацца далей. Таксама ксёндз Віктар запэўніў, што і далей будзе рупліва працаваць дзеля дабра салезіянскага таварыства на Беларусі.

Падзяліцца: