Парафіянам было вельмі прыемна бачыць кс. Марка ў святарскіх шатах у якасці галоўнага цэлебранта найсвяцейшай Ахвяры.
На ўрачыстасць прыбылі родныя, блізкія, сябры неапрэзбітэра, святары і законныя сёстры. Галоўным госцем свята стаў кс. Павел Шчарбіцкі SDB, які ад нядаўняга часу выконвае функцыю рэгіянальнага настаяцеля рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага на Беларусі. Кс. Павел прамовіў да сабраных гамілію, у якой падкрэсліў важнасць чалавечых адносін і прабачэння.
Літургічнае дзеянне распачалося благаслаўленнем бацькоў прыміцыянта. Бацькі кс. Марка, у сваю чаргу, чынячы знак крыжа над сынам, далі яму ў руку драўляны крыж - знак цярпення разам з Хрыстом. Прыміцыянт у працэсіі пад гук касцёльнага звана ўвайшоў у храм. Падчас працэсіі гучала мелодыя спеву "Пан, калі ішоў узбярэжжам" у выкананні трубача.
Пасля святой Імшы дэлегацыя салезіянаў, моладзі і парафіянаў склалі прыміцыянту словы віншаванняў.