У сярэднявеччы такі стыль пакутнага набажэнства ў Еўропу прынеслі са Святой Зямлі члены ордэна францішканаў. Малітва-разважанне над Крыжовым шляхам Хрыста – гэта спроба адкрыцця нанова тых жудасных падзей, якія наш Пан перанёс дзеля збаўлення ўсяго чалавецтва.
Па ўзору традыцыі Ерузалема, у якім пазначаны месцы-стацыі пакутаў Езуса, вернікі з розных куткоў света таксама пачалі выходзіць на вуліцы сваіх гарадоў, каб духоўна перанесціся ў месца мукі і ўваскрасення Месіі.
12 красавіка парафія св. Міхала Арханёла ў Смаргоні выйшла на вуліцы свайго горада, каб перажыць разам з церпячым Хрыстом Яго крыжовы шлях. Пасля Эўхарыстыі вернікі выйшлі святочным шэсцем на галоўную вуліцу горада, несучы вялікі драўляны крыж. Пасля кожнай стацыіі крыж пераймалі прадстаўнікі розных колаў і груп парафіі і мясцовага араторыя: аратарыйная моладзь, дзеці з “Савіо-клуба”, члены групы ADMA, ружанцовыя колы парафіі, Легіён Марыі, жанчыны з суполкі “Маці ў малітве”, мужчыны і жанчыны Смаргоні, салезіяне супрацоўнікі, літургічная служба алтара, прадстаўнікі апостальства душ чысцовых, дзеткі парафіі, удовы і ўдаўцы, а таксама салезіяне і салезіянкі.
Кожны з парафіянаў меў магчымасць несці крыж Хрыста, усведамляючы, што ўсе мы маем дачыненне да Яго цярпенняў, а таксама злучыць з ім свой асабісты крыж.
Набажэнства закончылася на палявым алтары ля парафіяльнага касцёла, дзе крыж быў ўсталяваны на падстаўку для асабістай адарацыі.