Галоўная Дзейнасць Навіны На рэкалекцыях РДС у Мінску моладзь разважала над рознымі відамі голаду і спосабамі яго насычэння

На рэкалекцыях РДС у Мінску моладзь разважала над рознымі відамі голаду і спосабамі яго насычэння

18 і 19 сакавіка ў мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля прайшлі чарговыя рэкалекцыі РДС (Разважанні аб добрай смерці). З розных куткоў Беларусі сюды прыехала  50 маладых людзей ва ўзросце ад 16 гадоў.

Ксёндз Боско калісьці вызначыў мэту такіх сустрэч — навучыць моладзь любіць жыццё, якое з’яўляецца бясцэнным дарам Божым, пражываць яго, свядома імкнучыся да святасці,  а таксама будаваць асабістыя адносіны з Творцам і быць заўсёды падрыхтаваным да сустрэчы з Ім.

“(Не) насычаныя! (?)” – менавіта так гучала тэма рэкалекцый. На працягу гэтага часу маладыя людзі разважалі над чалавечым голадам у яго духоўным і матэрыяльным, фізічным і пачуццёвым праяўленні, а таксама шукалі крыніцу насычэння. Святары і сёстры падрыхтавалі адпаведныя канферэнцыі, правялі форум па дадзенай тэме.

Праграма РДС таксама ўключала шмат момантаў малітвы: адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту, святую Імшу, супольную ружанцовую малітву і Літургію гадзінаў.

Немалаважнымі ў духоўным і чалавечым выхаванні з’яўляюцца супольны адпачынак і пасілак. Як сапраўдная сям’я сабраныя распачалі рэкалекцыі вячэрай. Пасля маладыя людзі прынялі ўдзел у святой Імшы.

Разам з РДС ў святыні таксама праходзілі парафіяльныя рэкалекцыі, таму моладзі пашчасціла пачуць казанне,  натхнёнае Духам Святым, ксяндза Мікалая Ціхановіча. Асноўная тэма, якая даносілася з амбоны — прабачэнне. Ксёндз Мікалай казаў аб тым, што самае галоўнае прабачыць крыўдзіцеля, чалавека, які вельмі моцна абразіў. І гэту асобу неабходна прабачыць сэрцам, па-сапраўднаму. Святар, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што працэс прабачэння дастаткова складаны. Ён можа цягнуцца і год, і тры, а можа — ўсё жыццё.

Далей быў час на тое, каб скрыўджанае і «галоднае» сэрца насыціць Хлебам Эўхарыстычным, паразмаўляць з Езусам пра сваіх крыўдзіцеляў і папрасіць аб ласцы прабачэння перад Найсвяцейшым Сакрамантам.

“Здавалася, ужо столькі атрымана ласк і падарункаў ад Пана, што са спакойнай душой можна было б  адпачываць, але праграма і сэрцы думалі інакш!” — сказала адна з удзельніц.

Наступны пункт праграмы меў назву “Разважанне”. Моладзь разважала над Божым Словам праз пантамімы. Пасля кожны мог выказаць сваю думку, распавесці цікавую гісторыю з жыцця. Часам з залы задавалі правакацыйныя пытанні, гучалі вельмі сур’ёзныя дыялогі – атрымаўся цікавы моладзевы форум.

Наперадзе маладых людзей чакала канференцыя, якую праводзіў кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Улічваючы тэму рэкалекцый, гаворка ішла пра голад.

“Кожны чалавек мае пэўныя патрэбы, як духоўныя, так і матэрыяльныя. І голад можа быць “маторам”. Можна сказаць, што патрэба ў чымсьці з’яўляецца дарам, бо абмежаванасць чалавека дазваляе дзейнічаць у яго жыцці Богу. Голад накіроўвае чалавека да Творцы. Таму першым крокам да сапраўднага насычэння павінна быць прызнанне ўласнага голаду, які ў кожнай асобы свой”, – сказаў ксёндз Павел.

Святар таксама адзначыў: “Не менш важны і другі крок – распазнаванне ўласнага голаду. Варта задумацца над наступнымі пытаннямі: Ці лічу я сябе паўнавартасным? Ці адчуваю ўласную годнасць? Ці хапае бацькоўскай любові? Які мой голад і чым я насычаюся?”

Працягваючы разважанне, ксёндз Павел падкрэсліў, што такую працу і вызначэнне “дыягназу” нельга рабіць самастойна, важна прасіць дапамогі Святога Духа і духоўнага кіраўніка.

“Калі “дыягназ” пастаўлены, трэці крок – насычэнне! Гэта працэс аздараўлення. Толькі Бог можа па-сапраўднаму насыціць сэрца, таму шукай Крыніцу, бяжы да Яе штодня!” –заклікаў моладзь святар.

Пасля канферэнцыі маладым асобам было прапанавана практычнае заданне. Яго мэта заключалася ў тым, каб кожны з удзельнікаў мог адчуць сябе патрабуючым або тым, хто дапамагае насыціцца іншаму. Выйшаўшы на вуліцу, маладыя людзі павінны былі папрасіць штосьці ў незнаёмых мінакоў або запытацца аб чым-небудзь. Некаторыя ўдзельнікі рэкалекцый задавалі простыя пытанні: Колькі часу? Як прайсці да бліжэйшай аптэкі? Іншыя прасілі вады, завітаўшы ў незнаёмаю кватэру. А хтосьці, наадварот, заходзіў у краму і, набыўшы што-небудзь з ежы, прапаноўваў людзям, якіх сустракаў на вуліцы. Рэакцыі мінакоў і ўласныя пачуцці былі рознымі, аб гэтым пазней распавядалі ўдзельнікі РДС на агульным дзяленні. Вынік моладзь зрабіла такі: не вельмі проста дзяліцца з іншымі, але часам яшчэ больш складана папрасіць.

Кульмінацыйным момантам стала нядзельная святая Імша, на якой моладзь яшчэ раз пачула ад ксяндза-рэкалекцыяніста Мікалая аб важнай ролі Божага Слова ў жыцці хрысціяніна, а таксама аб тым, што кожны павінен нанова палюбіць Біблію.

Ужо напрыканцы рэкалекцый удзельнікаў чакаў шыкоўны абед. Гэтыя РДС сталі апошнімі ў гэтым навучальным годзе.

 “Спадзюся, што вяртаючыся дадому, кожны можа сказаць – (НЕ) НАСЫЧАНЫ! (?)” –адзначыла адна з удзельніц.

Падзяліцца: