На свята былі запрошаны дзеці і моладзь з усіх парафій Ваўкавыску, а таксама з розных мястэчак Ваўкавыскага раёну.
Падчас спаткання моладзь прадставіла прэзентацыю пра жыццё святога Станіслава Костку. Гэты святы пражыў нядоўгае жыццё, але поўнае любові да Бога і да Маці Божай. Нягледзячы на свой малады ўзрост, адзначаўся вялікай святасцю і мудрасцю.
Пасля прэзентацыі гурт “Небасхіл” разам з дзеткамі, моладдзю і дарослымі праслаўлялі Бога спевам.
Падчас свята адбылася ўрачыстая Святая Імша і эўхарыстычная працэсія. Пасля для дзяцей і моладзі быў арганізаваны пікнік з пачастункамі, спевамі, танцамі і конкурсамі.
Гурт “Небасхіл” вельмі ўдзячны пробашчу парафіі ксяндзу Алегу за запрашэнне і за цёплы прыём. Было радасна перажываць разам з вернікамі гэты святочны дзень, маючы магчымасць праз спевы падараваць крышачку радасці.