Удзел у канферэнцыі прынялі шматлікія святары і сёстры, а таксама свецкія асобы з розных краін, якіх цікавяць пытанні пастаральнага планавання. Сярод удзельнiкаў варта адзначыць Мiтрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.
Распачалося мерапрыемства са святой Імшы, якую ўзначаліў Мiтрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас казання iерарх адзначыў вялікую важнасць пастырскай дзейнасці і вартасць падобных сустрэч. Звяртаючыся да Евангелля, якое распавядала пра людзей, якіх сустракаў Езус і якiя былі нібы ягняты без пастыра, Мiтрапалiт адзначыў, што Езус у вобразе пастыра ідзе шукаць згубленную авечку, даючы тым самым зразумець, што важным з’яўляецца кожны чалавек. “Нам трэба імкнуцца да таго, каб Езус быў для нас не проста адной з асобаў святой Тройцы, але нашым братам і Збаўцам”, - завяршыў сваю прамову іерарх.
Пасля святой Імшы распачалася непасрэдна сама канферэнцыя. З уступным словам да прысутных звярнуліся кс. Віктар Гайдукевіч SDB і Мiтрапаліт Тадэвуш Кандрусевiч.
Першы дакладчык прачытаў даклад на тэму “Святое Пісанне як аснова і арыенцір у працэсе пастаральнага планавання”.
Калі даклад завяршыўся, адбыўся перапынак на абед, пасля якога слова ўзяў другі дакладчык з дакладам: “Спосабы планавання пастаральнай працы. Прыклады пастаральных праектаў і навуковая аснова, распрацаваная на вопыце Славакіі”.
Заслухаўшы абодва даклады, удзельнікі канферэнцыі распачалі працу па трох групах, абмяркоўваючы пытанне пастаральнай сітуацыі і актуальныя выклікі ў грамадстве. Прадстаўленне вынікаў працы на агульным форуме завяршыла першы працоўны дзень.
Удзельнікам была прапанавана таксама і культурна-забаўляльная праграма, а менавіта экскурсія па Мiнску на двухпавярховым аўтобусе з наведваннем Усіхсвяцкай царквы і Архiкатэдральнага касцёла Iмя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Напачатку другога працоўнага дня былі падведзены вынікі курсаў, а таксама адбыліся разважанні аб мiсii Касцёла і перспектывах на будучыню. Пасля гэтага быў заслуханы апошні даклад на тэму: “Зрабіць магчымае і не баяцца эксперыментаў. Канцэпцыя і вопыт пастаральнага планавання ў зменлівых абставінах”.
Працоўны рэжым атрымаў працяг у выглядзе групавых дыскусій па тэме: “Фарміраванне пастаральнай працы ў сучасных умовах”. Як заўсёды, вынікі працы па групах былі прадстаўлены на агульным форуме, дзе і былі падведзены канчатковыя вынікі і падсумаванне агульнай працы падчас курсаў.
Пасля ўдзельнікі падзякавалі Богу за два плённыя дні, падчас якіх атрымалася здабыць новыя знаёмствы і карысныя веды, прыняўшы ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў Мiтрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Калi святая Імша скончылася, у ўдзельнікаў курсаў была магчымасць падзяліцца ўражаннямі і падыскутаваць у індывідуальным парадку.