Галоўная Дзейнасць Навіны «Міністранты — незвычайныя людзі!» — у Мінску адбылася сустрэча парафіяльных міністрантаў

«Міністранты — незвычайныя людзі!» — у Мінску адбылася сустрэча парафіяльных міністрантаў

З 25 па 26 красавіка ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў мінскай Серабранцы праходзіла фармацыйная сустрэча для міністрантаў. Тэма сустрэчы гучала наступным чынам: «Маё служэнне па-за Касцёлам».

У першы дзень маладыя людзі дзяліліся сведчаннямі свайго служэння ў штодзённым жыцці па-за Касцёлам, сваімі асабістымі правіламі міністранскага служэння, а таксама слухалі канферэнцыю. Разам міністранты гулялі ў спартыўныя гульні і глядзелі мастацкі фільм «Кастрычніцкае неба», які расказвае аб сапраўдным сяброўстве паміж маладымі хлопцамі і іх імкненні выбрацца з маленькага шахцёрскага мястэчка, каб стаць кімсьці вялікім і не застацца такімі, як усе. Фільм стаў для маладых людзей заклікам ніколі не апускаць рукі ў імкненні да сваёй мары. Ён паказаў, што кожны павінен слухаць голас свайго сэрца,  шукаць перш за ўсё Божую волю, і не заўсёды слухаць, што кажуць іншыя людзі.

У нядзелю хлопцы ўдзельнічалі ў святой Імшы, на якой ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB нагадаў, што міністранты з'яўляюцца святлом свету, што яны павінны несці святло Хрыста дома, у школе, на працы.

Напрыканцы сустрэчы кл. Марк Найдзіч SDB дадаў, што міністранты —  незвычайныя людзі, таму не павінны баяцца распавядаць людзям пра Хрыста і паказваць іншым, кім з'яўляюцца. Клерык прывёў таксма прыклад служэння міністранта з Мексікі, які ў перыяд пераследу католікаў прыняў мучаніцкую смерць за тое, што ішоў служыць на святую Імшу. 

Падзяліцца: