На гэтую радасную падзею сабралася ўся салезіянская сям’я Беларусі: святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі. Таксама на свяце прысутнічалі святары з іншых манаскіх супольнасцяў, родныя і сябры дыякана, шматлікія вернікі, якія добра ведаюць Марка, і, канешне, дзеці і моладзь.
З уступным словам да прысутных перад пачаткам Эўхарыстыі звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Ён прывітаў дыякана Марка, біскупа Аляксандра, сабратоў салезіянаў, святароў, усю салезіянскую сям’ю, моладзь і асаблівым чынам сям’ю і родных дыякана Марка.
Біскуп Аляксандр у сваю чаргу адзначыў, што вельмі ўзрушаны, бо ведае Марка з часоў, калі той яшчэ быў малым хлопцам і служыў пры алтары ў якасці міністранта. Біскуп засведчыў, што гэтую святую Імшу ахвяруе асабліва за будучага святара.
Пасля літургіі Божага Слова дэлегат зачытаў жыццёрыс Марка Найдзіча і яго шлях падрыхтоўкі да сакрамэнта святарства, а пасля засведчыў перад біскупам і народам, што супольнасць лічыць дыякана Марка годным прэзбітарскага пасвячэння.
У сваёй гаміліі біскуп Аляксандр засяродзіў увагу прысутных над святарствам. Святарства – гэта таямніца, у якой недасканалы чалавек мае моц дзейнічаць ад імя Хрыста. Менавіта праз святара Езус працягвае дзеянне Адкуплення, і святар у гэты час з’яўляецца прывілеяваным інструментам, у сваёй свабодзе з’яднаным з Езусам. Іерарх падкрэсліў і адказнасць, якую бярэ на сябе святар: “Прыняцце сакрамэнту пасвячэння патрабуе святасці. Гэтыя словы, магчыма, пададуцца многім занадта строгімі, але паміж святаром і сумленным чалавекам павінна быць такая ж розніца, як паміж небам і зямлёй. Гэта патрабаванне дасканаласці ў наследванні нашага Пана, “Tu solus sanctus” (толькі Ты святы), патрабаванне святасці, якое ў першую чаргу звязана са святарствам, з Ахвярай, якую кожны дзень ты, дыякан Марк, будзеш прыносіць Богу, праслаўляючы Яго”. Каб дасягнуць такой святасці, неабходна мець блізкі кантакт з Богам, маліцца штодзённа і маліцца так, каб малітва была апостальствам.
Становячыся святаром, чалавек цалкам ахвяруе сябе іншым, ён не становіцца святаром для сябе. Ён павінен благаслаўляць, ахвяраваць, кіраваць і весці шматлікія душы да збаўлення, адначасова практыкуючы і ўзмацняючы ўласную святасць.
Звярнуў увагу біскуп і на крызіс веры, які існуе ў сучасным свеце. Але ніякія крызісы не здольныя перамагчы Бога: “Мяркуючы па-чалавечы, сёння пасылаць святара ў свет – вар’яцтва. Мы маглі б з такім жа поспехам загадаць чалавеку супрацьстаяць гіганцкай хвалі, выкліканай землятрусам ці тарнада, вышынёй трыццаць ці пяцьдзесят метраў. Сёння твая задача, дыякан Марк, прыкладна такая ж: супрацьстаяць свету, які раз’юшаны, агрэсіўна настроены супраць Бога. І ўсё ж, зноў жа, твая вера скажа табе, што Бог, калі ён пашле цябе да гэтых душаў у свеце, дасць табе ўсё неабходнае, каб перамагчы, каб выратаваць іх”.
Адным з галоўных правілаў для святара павінна быць любоў. Любоў да Бога, якая будзе адлюстроўвацца на людзей. Святар набліжаецца да людзей, каб даць, а не атрымаць. Адметнасць святара – аддаваць сябе дарэшты.
“Няхай Найсвяцейшая Панна, якая дала нам Найвышэйшага Святара, будзе побач з табою кожны раз, калі ты падымаешся да алтара! Няхай Яна, Маці святароў, будзе побач з табою ў кожнай тваёй святарскай дзейнасці, іншымі словамі, у кожную хвіліну твайго жыцця! Няхай Яна навучыць цябе ўсім таямніцам нашага Пана, Яна, якая з’яўляецца Пасрэдніцай усіх ласкаў, і няхай у гэтай блізкасці дапаможа табе ўдзельнічаць у гэтым дары ласкі, у перадачы ласк для збаўлення душаў сёння, каб праслаўляць Бога сёння і заўсёды!” – такімі словамі біскуп завяршыў гамілію.
Пасля наступіў кульмінацыйны момант пасвячэння ў прэзбітэрскі стан: дыякан перад усімі сабранымі вернікамі выказаў намер выконваць абавязкі святара згодна з навукай Хрыста і Касцёла. Марк падышоў да біскупа і ўклаў свае складзеныя рукi ў ягоныя далоні. Гэты жэст падкрэслівае цалкавітае адданне сваёй волі ў рукі Святой Маці Касцёла. Затым дыякан Марк лёг ніцма перад алтаром, а ўсе прысутныя прамовілі словы літанii да жыхароў неба, просячы аб заступніцтве ўсіх святых для новага святара. Калі завяршылася літанiя, біскуп усклаў свае рукі на галаву кандыдата, за ім гэты жэст паўтарылі ўсе прысутныя святары. Ускладанне рук з’яўляецца момантам пераказання Духа Святога новаму прэзбітэру. Далей біскуп прачытаў кансэкрацыйную малітву, пасля чаго ўжо ксёндз Марк Найдзіч SDB апрануў стулу і арнат і заняў месца сярод сваіх сабратоў каля алтара, каб цэлебраваць першую ў сваім жыцці Эўхарыстыю.
Пасля святой Імшы сабраныя віншавалі новага святара. Ад імя ўсіх сабратоў салезіянаў прамовіў дэлегат кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Ён пажадаў свайму сабрату ніколі не забываць цытату з бібліі, якая яго суправаджае па жыцці і якая запісана на прыміцыйным абразіку: “Любоў ніколі не мінае”. Дэлегат адзначыў, што Божая любоў павінна дапамагаць кс. Марку станавіцца сапраўдным мужчынам, адказным. Станавіцца тым, які спазнаў Бога і Божую любоў, і гэтай любоўю дзеліцца.
Павіншавалі новага святара сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, суполка ADMA, моладзь, а таксама родныя і блізкія.
Узяў слова і ксёндз Марк. Ён падзякаваў Богу за дар паклікання, бацькам і родным за выхаванне ў праўдах веры, біскупу Аляксандру за ўдзелены сакрамэнт, сабратам салезіянам, якія дапамагалі і выхоўвалі яго падчас фармацыі, таксама сёстрам салезіянкам і ўсёй салезіянскай сям’і, сваім сябрам і моладзі.