Дарагія сябры дона Боско, штомесячніка II Bolletino Salesiano і яго каштоўнай харызмы. Як часта я гэта раблю, хачу з вамі ў гэтым месяцы траўні падзяліцца падзеяй, якую я перажыў нядаўна і якая кранула маё сэрца і адначасова падштурхнула мяне да глыбокіх разважанняў аб нашай адказнасці да пабожнага ўшанавання Панны Марыі Ўспамогі.
У дзень, калі Ян Боско паступіў у семінарыю, мама Маргарыта сказала яму: “Калі ты з’явіўся на свет, я прысвяціла цябе Панне Марыі. Калі ты пачынаў вучыцца, я радзіла табе, каб ты пабожна ўшаноўваў гэту нашу Маці. Цяпер я хачу табе парадзіць, каб ты быў цалкам ейным. Любі сваіх сяброў, якія пабожна ўшаноўваюць Панну Марыю. А як станеш ксяндзом, заўсёды рэкамендуй і пашырай ушанаванне Панны Марыі”.
“Калі мая маці скончыла гэтыя словы, яна была вельмі расчулена і я заплакаў. Я адказаў ёй: “Мама, дзякую вам за ўсё, што вы мне сказалі і для мяне зрабілі. Гэтыя вашыя словы не застануцца сказанымі дарэмна і будуць для мяне скарбніцай праз усё маё жыццё”.
Салезіянскі горад
Калі напрыканцы сакавіка я зноў скіраваўся ў Перу, што ў Лацінскай Амерыцы, то хацеў наведаць адзін горад і вельмі важную салезіянскую справу на паўночным захадзе краіны з некалькіх прычын.
Па-першае, мясцовыя жыхары называюць Пьюру горадам вечнай спёкі, альбо горадам, дзе ніколі не канчаецца лета. Там, вядома, вельмі горача, а высокая вільготнасць робіць горад яшчэ больш спякотным. У той жа час гэта выяўна салезіянскі горад. Больш як стогадовая прысутнасць салезіянаў у гэтым месцы наклала адбітак на дух людзей, стварыўшы моцныя сямейныя адносіны, выхываўчыя і сваяцкія сувязі. Карацей кажучы, тут усё вельмі па-салезіянску. Гэта адчувальна Марыйны горад, мясцовыя людзі асабліва пабожна ушаноўваюць Панну Марыю Ўспамогу Хрысціянаў дзякуючы дзеянню дзвюх салезіянскіх спраў.
І я б хацеў падкрэсліць бліскучае выхаваўча-адукацыйнае служэнне, якое ад самага пачатку ў гэтай справе здзяйсняе “Школа дона Боско” і ў апошнія дзесяцігодзі – салезіянская справа “Басконія”, сціплая і прыгожая справа ў адной з найбяднейшых частак на перэферыі. Дзякуючы ўдзелу многіх людзей як свецкіх, так і касцёльных і харызме дона Боско гэта частка горада ўвесь час мяняецца, даючы добрую магчымасць прафесійнай адукацыі сотням хлопцаў і дзяўчат, якія раней не мелі такіх магчымасцяў. Сёння яны выходзяць з гэтага дому ў працоўны свет з атрыманай адукацыяй і практычна засвоенай прафесіяй.
У “Басконіі” ёсць нават выдатны салезіянскі медычны цэнтр, якім кіруюць сёстры салезіянкі.
Думаю, я сцісла апісаў тое, што ўбачыў у горадзе вечнай спёкі. Там усё цудоўна, але асабліва мяне кранула глыбокае, пабожнае ўшанаванне Панны Марыі Ўспамогі. За некалькі тыдняў я паведаміў, што з радасцю прыеду сустрэцца з імі. А ўвечары звычайнага працоўнага дня, а 6-й гадзіне апынуўся сярод натоўпу болей як у тры тысячы чалавек, якія сабраліся на святкаванне Эўхарыстыі ў гонар нашай Маці і Ўспамогі. Гэта было троху нечакана для мяне.
Я бачыў сотні дзяцей і маладых людзей з бацькамі, дзясяткі і дзясяткі хлопчыкаў, дзяўчынак і падлеткаў з розных мясцовых салезіянскіх араторыяў, настаўнікаў, выхавацеляў і г.д.
Вечная спёка горада мне здалася маленькай у параўнанні з верай, пабожным ўшанаваннем, унутраным перажываннем і малітвай, спевам і ўсім тым што, як я сабе ўяўляў, напаўняла сэрцы гэтых людзей, як і маё сэрца.
У сваіх падарожжах па салезіянскім свеце я зноўку мог уласна ўпэўніцца ў тым, што Панна Марыя Ўспамога, як гэта абяцаў дон Боско, з’ўяляецца маяком святла, бяспечнай гаванню, матчынай любоўю да свайго сына і да ўсіх нас, яе сыноў і дачок. Гэта, у канцы канцоў, МАЦІ, якой мы давяраем сябе і якая будзе нас заўсёды вясці да свайго ўмілаванага Сына. Я бачыў гэта і ў Пьюры.
Панна Марыя на балконе
Разам з тым, я б хацеў дадаць яшчэ адзін невялікі каментар з неабходнай самакрытыкай да ўсіх нас, што з’яўляюцца сынамі і дочкамі дона Боско. Гаворка вось аб чым. Божы Дух прыходзіць куды хоча і дакранаецца да сэрцаў сваіх вернікаў так, як гэта ведае толькі ён. Гэта датычыцца таксама пабожнага ўшанавання да Маці Божага Сына, якая заўсёды жадала лічыцца з намі. Мая крытычная заўвага ёсць у тым, што не ва ўсіх кутках свету мне прадстаўлялі нябесную Маці, нашу Маці і Ўспамогу ў аднолькавы спосаб, з аднолькавай інтэнсіўнасцю і аднолькавым апостальскім запалам. Ёсць месцы, дзе мы пабудавалі школы, дзе мы зрабілі шмат крокаў, дзе мы выяўна паслужылі дабру людзей, але не змаглі дасягнуць таго, каб Яе спазналі і палюбілі.
Гэта было б не зразумела для дона Боско. І я скажу вам, што для мяне гэта таксама незразумела і непрымальна. Бо, калі б у сям’і дона Боско былі людзі, якія не маюць адносінаў з Успамогай Хрысціянаў, яны б не былі сынамі і дочкамі, а кімсьці іншым. Яна – наша Маці і пабожнае ўшанаванне Ўспамогі як Маці Пана і нашай Маці з’яўляецца чымсьці неадзельным ад салезіянскай харызмы, як гэта было і для дона Боско. Гэта проста штосьці неабходнае. Дон Боско стала казаў: “Найсвяцейшая Панна Марыя – гэта заснавальніца і апякунка нашых спраў, яна будзе шчодра адорваць нас усялякімі дарамі, будзе нашай правадыркай, настаўніцай і нашай Маці. Усе дары ад Пана мы атрымліваем праз Панну Марыю”.
Дон Боско ў адным са сваіх сноў бачыў вельмі знатную даму ў каралеўскай вопратцы, якая, выглядаючы са свайго балкона, крычала: “Дзеці мае, ідзіце да мяне і ўкрыйцеся пад маім плашчом”. Я шчыра жадаю, каб гэта Маці ўмілаванага Сына і Ўспамога Хрысціянаў працягвала быць ва ўсіх частках свету такой, якой з’яўляецца ў Пьюра, горадзе вечнай спёкі ў Перу.
Жадаю ўсім ва ўсім свеце благаслаўлёнага свята Панны Марыі Ўспамогі.
Паводле II Bolletino Salesiano, травень 2023