Дзвесце гадоў таму адзін дзевяцігадовы хлопчык, бедны, які ў персектыве мог стаць толькі што селянінам, убачыў сон. Раніцай ён расказаў аб ім маме, бабулі і братам. З яго пасмяяліся. Напрыканцы бабуля сказала: “Не трэба надаваць вялікі сэнс снам”. Праз шмат гадоў гэты хлопчык, Ян Боско, напісаў: “Я прытрымліваўся такой самай думкі, што і мая бабуля, але ніколі не мог выкінуць той сон з галавы.”
Бо гэта сон быў не такі, як іншыя, ён не знік на досвітку.
Сон вяртаўся, і не раз. І заўсёды быў захапляльным энэргетычным зарадам для Яна Боско. Сон быў для Яна крыніцай радаснай упэўненасці і невычарпальнай сілы. Крыніцай усяго яго жыцця.
Падчас працэсу беатыфікацыі дона Боско дон Руа, яго першы наступнік, сведчыў: “Лючыя Туркова з сям’і ,у якую часта прыходзіў дон Боско, каб наведаць яе братоў, распавяла мне, што аднойчы на раніцу ён прыйшоў да іх весялейшы, чым звычайна. Калі яго спыталі, што сталася таму прычынай, адказаў, што бачыў уночы сон, які яго вельмі развесяліў. Калі яго папрасілі расказаць гэты сон, ён распавёў, што бачыў, як да яго падышла адна Пані , якая мела за спіной вельмі вялікі статак. Наблізіўшыся, яна назвала яго імя і сказала: “Янак, даручаю ўвесь гэты статак твайму клопату”. Ён у адказ запытаўся: “Як жа я змагу паклапаціцца аб столькіх авечках і ягнятах? Дзе знайду пашу, каб іх пракарміць?” На што Пані яму адказала: “Не бойся, я табе буду дапамагаць”. А потым знікла.
Ад той хвліны яго жаданне пачаць вучыцца, каб стаць святаром, стала яшчэ больш гарачым. Але гэтаму перашкаджалі вялікія цяжкасці - беднасць сям’і і супраціў яго зводнага брата Антонія, які хацеў, каб Янак таксама працаваў у полі, як і ён. Сапраўды, усё здавалася немагчымым, але загад Езуса быў непахісны, а дапамога Маці Божай пяшчотнай і надзейнай.
Дон Лямойн, першы гісторык дона Боско, пераказвае той сон так: “Яму здалося, што ён бачыць Боскага Збаўцу, апранутага ў белае і ззяючага вельмі яркім светам, які вядзе за сабой незлічоную колькасць юнакоў. Падышоўшы, ён звярнуўся да яго і сказаў: “Падыдзі сюды, стань на чале гэтых юнакоў і вядзі іх”. “Але я не здольны”, - адказаў Янак. Боскі Збаўца настойваў, пакуль Янак не стаў на чале таго вялікага мноства хлопцаў і не павёў іх, як яму было загадана”.
У семінарыі дон Боско з захапляючай пакорай напісаў некалькі радкоў аб матывах свайго паклікання: “Сон у Марыяльда назаўсёды моцна замацаваўся ў маёй памяці. Ён нават шматкратна паўтараўся больш ясна. Таму, калі б я хацеў яму паверыць, то быў бы павінны выбраць пакліканне святара, да якога адчуваў схільнасць - але я не хацеў верыць снам і мой лад жыцця і поўная адсутнасць цнотаў, неабходных да гэтага паклікання, дадавалі гэтаму рашэнню сумніваў і рабілі яго цяжкім”.
Мы можам быць упэўнены: ён распазнаў Пана і яго Маці. Насуперак сваёй сціпласці ён быў перакананы, што яго наведала Неба. Ён не меў сумніваў і ў тым, што гэтыя наведванні былі вызначаны для таго, каб адкрыць яго будучыню і будучыню яго справы. Ён казаў гэта сам: “Салезіянская Кангрэгацыя не зрабіла ані кроку без таго, каб не атрымаць параду праз нейкую звышнатуральную падзею”. Той узровень развіцця, на якім яна знаходзіцца, яна б не дасягнула без адмысловага загаду Пана. Усю нашу мінулую гісторыю мы маглі напісаць наперад да найдрабнейшых дэталяў…”.
Менавіта таму Статут салезіянаў пачынаецца з акту веры: “З пачуццём пакорнай удзячнасці верым, што супольнасць святога Францішка Сальскага нарадзілася не толькі як чалавечы праект, але і з ініцыятывы Бога.”
Тэстамэнт дона Боско
Папа сам папрасіў дона Боско і загадаў яму, каб ён занатаваў гэты сон для сваіх сыноў. Ён пачаў яго так: “Для чаго можа паслужыць гэтая праца? Яна паслужыць як кіраўніцтва па пераадоленню будучых цяжкасцяў з аглядам на міулае. Паслужыць для таго, каб дапамагчы спазнаць, як сам Бог усім стала кіраваў. Паслужыць маім сынам як прыемная забава, калі будуць чытаць аб рэчах, у якіх прымаў удзел іх айцец і з яшчэ большым задавальненнем будуць чытаць іх пасля таго, як Бог пакліча мяне даць справаздачу перад Ім і я ўжо не буду сярод іх”.
Дон Боско ясна выказвае свой намер уцягнуць чытача ў тую прыгоду, аб якой распавядае, да такой ступені, каб яна стала для яго гісторыяй, якая тычыцца яго і якую ён павінны працягнуць. Апавяданне сна, відавочна, становіцца “тэстамэнтам” дона Боско. У ім яго місія: перамена свету, пачынаючы з тых найменшых, самых малодшых і пакінутых. У ім змяшчаецца і метад: дабрыня, павага і цярпенне. Ёсць у ім і ўпэўненннасць у моцнай абароне Найсвяцейшай Тройцы і матчынай апецы Панны Марыі.
У сваіх “Успамінах аб араторыі” дон Боско распавядае, што праз 20 гадоў пасля таго першага сну ў 1824 годзе меў “новы сон, які стаўся дадаткам таго першага, які я бачыў у Бэккі ў дзевяць гадоў. Мне снілася, што я бачу сябе сярод мноства ваўкоў, коз і казлянят, ягнятаў, авечак, баранаў, сабак і птушак. Усе разам яны стваралі вялікі шум, роў, ці ,нават, хутчэй, пякельны грукат, які б прывёў у жах нават самых адважных. Я хацеў ужо ўцячы, як нейкая Пані, апранутая пастушкай, паклікала мяне, каб я ішоў за ёй і суправаджаў той вялікі статак, на чале якога яна ішла…
Пасля доўгага шпацыру я апынуўся на лузе, дзе тыя звераняты скакалі і разам елі, не спрабуючы пакрыўдзіць іншых.
Знясілены стомай, я хацеў прысесці на ускрайку дарогі, але тая пастушка пераканала мяне працягнуць шлях і ісці далей. Прайшоўшы яшчэ невялікі кавалак дарогі, я апынуўся на вялікім падворку з кругавой аркадай, на канцы якога быў касцёл. Тады я звярнуў увагу, што 4/5 тых зверанятаў сталі баранамі. Іх колькасць значна павялічылася. У той момант нечакана з’явілася шмат пастухоў, каб іх абараняць. Але яны заставаліся толькі хвіліну і адразу адышлі. А потым адбыўся цуд. Многія ягняты перамяніліся ў пастушкоў, якія паступова раслі і бралі на сябе адказнасць за іншых.
Я хацеў адысці, але пастушка прапанавала мне паглядзець на поўдзень. “Паглядзі яшчэ раз”, - сказала яна мне і я скіраваў свій позірк у той бок яшчэ раз. Я ўбачыў там прыгожы і высокі касцёл. Унутры таго касцёла ляжаў белы пояс, на якім вялікімі літарамі было напісана: “Hic domus mea, inde gloria mea” (Гэта ёсць дом мой, адсюль пашырыцца мая слава)”. Таму, калі мы ўваходзім у Базыліку Панны Марыі Ўспамогі Хрысціянаў, мы ўваходзім у сон дона Боско, які жадае, каб ён стаў і нашым сном.
(Паводле Il Bollettino Salesiano, лістапад 2023)