“Школа жыцця і любові са святой Марыяй Дамінікай Мадзарэлла” – менавіта пад такой тэмай праходзілі летнія “Канікулы з Богам-2017” для дзяцей з 1 па 9 клас. З 10 па 20 ліпеня дзеці прыходзілі ў мінскі араторый імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі Св. Яна Хрысціцеля, каб карысна правесці свой час. На працягу двух тыдняў праз тэатральныя пастаноўкі дзеці змаглі пазнаёміцца з жыццём св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла. Кожны дзень у працах па групах дзеці разам з аніматарамі разважалі над важнымі момантамі з жыцця св. Марыі Дамінікі. Хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі ўдасканаліць свае таленты на розных гуртках і добра правесці свой час праз розныя гульні.
На працягу першага тыдня дзеці разважалі над такімі тэмамі, як “Сям’я”, “Першая Камунія”, “Пакліканне”, “Духоўныя сябры” і “Дом Божай любові”. Па традыцыі кожны дзень распачынаўся святой Імшой, падчас якой дзеці, пры дапамозе кс. Івана Огара SDB, знаёміліся з тэмай дня. У першыя дні канікул дзеці пазнаёміліся з дзяцінствам св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла. Убачылі тое, што яно не было такім лёгкім - ёй даводзілася працаваць з бацькамі. Але праз усё гэта св. Марыя Дамініка мела ў сваім сэрцы Бога. Дзякуючы працы па групах, дзеці змаглі паразважаць над тым, якія яны на дадзены момант, як яны дапамагаюць сваім бацькам і ці па сапраўднаму любяць Бога. Першы тыдзень канікул застаўся ў памяці ўдзельнікаў і таму, што адбывалася супольнае наведванне мінскага заапарку і аквапарку, дзе дзеці і арганізатары добра правялі свой час.
Падчас другога тыдня дзеці знаёміліся з наступнымі тэмамі: “Беднасць і радасць пад адным дахам!”, “Любоў да бліжняга і жаданне збавіць”, “Любоў да Маці Божай”, “Ідзіце і абвяшчайце”. На працягу другога тыдня дзеці разважалі ўжо больш над сталым жыццём св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла. Яны змаглі ўбачыць тое, што і ў дарослым узросце ў святой былі перашкоды на жыццёвым шляху, але яна іх перамагала разам з Богам. І жыла тым, што жадала збавіць як мага больш чалавечых душ, а таксама магла радавацца нават у цяжкія часы. Гэта навучыла дзяцей больш любіць сваіх родных, цаніць тое, што маюць. Увогуле, св. Марыя Дамініка Мадзарэлла была добрым прыкладам сапраўднай ЛЮБОВІ для дзяцей.
У апошні дзень канікул была арганізавана святочная праграма для бацькоў, якія падчас выступлення ўбачылі плён працы сваіх дзяцей. Канцэрт быў асаблівы таксама і таму, што на ім прысутнічаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Напрыканцы канцэрта ён прамовіў да ўсіх традыцыйнае “слоўка на добрую ноч”. Высокі госць падзяліўся з удзельнікамі канцэрту ўласным вопытам удзелу і арганізацыі падобных канікул і звярнуў увагу на матывацыю, якою кіраваўся Святы Ян Боско, калі пачынаў арганізоўваць такі адпачынак для дзяцей вуліцы больш за 150 год назад. Апостальскі Нунцый нагадаў пра прыгажосць жыцця з Богам, а таксама працытаваў адзін з дэвізаў святога: “Рабіце ўсё, толькі не грашыце”. Арцыбіскуп заклікаў дзяцей быць апосталамі радасці ў сваіх сем’ях і сярод сяброў, а таксма ўдзяліў усім прысутным сваё пастырскае бласлаўленне.