На сядзібе ў в. Мажэйкі (Пастаўскі р-н, Віцебская вобл.) дзеці весела і з карысцю для душы і цела праводзілі час. Асноўныя тэмы дзён гучалі так: “Я і Я”, “Я і іншыя”, “Я і Бог”. Удзельнікі лагера з дапамогай арганізатараў, якімі сталі кс. Алег Каралёў SDB, сёстры Юлія Клявец FMA і Дар’я Еўтухоўская FMA, стваралі план жыцця і разважалi, як жыццё кожнага можа скласціся ў будучыні.
Кожны дзень пачынаўся з зарадкі, літаральна адразу пасля якой усе збіраліся на святую Імшу. У штодзённай праграме разам з малітвай і працай над тэмай дня былі прадугледжаны спартыўныя і настольныя гульні і цікавыя вечары каля вогнішча.
Прыпамінаем, што ў падлеткаў ёсць цудоўная магчымасць на працягу года прымаць удзел у сустрэчах групы “Пошук”, падчас якіх можна разам са святрамі салезіянамі і сёстрамі салезіянкамі разважаць пра сваю сучаснасць і будучыню.