8 чэрвеня вернікі парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адзначылі ўрачыстасць Божага Цела традыцыйнай тэафарычнай працэсіяй па вуліцах горада.
Навізной для Смаргоні сталіся кветкавя дываны, якія вернікі старанна кампанавалі ля традыцыйных чатырох эўхарыстычных алтароў. Старэйшыя сведчаць, што калісьці ў парафіях рабілі падобныя ўпрыгожванні, але пазней рэлігійны пераслед, перарванне традыцый і звычайнае людское імкненне да спрашчэння паспрыялі таму, што гэтая традыцыя паступова знікла. За кампазіцыі смаргонскіх кветкавых дываноў і ўпрыгожванне алтароў былі адказныя парафіяльныя колы: Легіён Марыі, Апостальства дапамогі душам чыстцовым, Жывы Ружанец, Асацыяцыя ўшанавальнікаў Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA).
Падчас стацый пры эўхарыстычных алтарах святары салезіяне кс. Казімір Мурава, кс. Здзіслаў Вэдэр і кс. Артур Ляшнеўскі абвяшчалі вернікам эўхарыстычныя казанні, якія наблізілі да сабраных важнасць пакланнення і прыняцця Божага Цела. Заканчэнне святочнага шэсця адбылося ля пятага алтара. Пасля благаслаўлення салезіяне падзякавалі сабраным за працу, супольную анімацыю працэсіі і малітву.