13 кастрычніка 25 год святарскай палугі на Усходзе адзначыў ксёндз Казімір Шыдэлко SDB, пробашч Бараўлянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў.
Ксёндз Казімір нарадзіўся ў Польшчы ў вёсцы Нова Высь, прыняў Сакрамант Святарства ў 1986 годзе і ўжо праз некалькі год накіраваўся з місійнай дзейнасцю на Усход. За гэты час кс. Казімір паспеў папрацаваць у салезіянскіх дамах Адэсы і Масквы і ўжо доўгі час працуе ў Беларусі, з’яўляючыся пробашчам парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах.

На святочную святую Імшу прыбыло шмат шаноўных гасцей. Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Ксёндз Дэкан Ян Крэміс, і, канешне, сабраты салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства ў Беларусі ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB.
З казаннем да прысутных звярнуўся біскуп Аляксандр. Спачатку ён распавёў прысутным гісторыю свайго асабістага знаёмства з ксяндзом Казімірам. Біскуп распавёў, што менавіта па яго ініцыятыве ў той час, калі ён з’яўляўся яшчэ дырэктарам салезіянскай супольнасці ў Мінску, ксёндз Казімір прыехаў працаваць у Беларусь.
Далей іерарх разважаў над вартасцю і вялікай адказнасцю святарскага жыцця. “Папа Францішак перасцерагае нас, духоўных асоб, тых, хто выбраў шлях паклікання, каб несці свету святасць, каб не стаць тымі, хто выконвае прафесію святара, кансэкраванай асобы, а быць тымі, хто спаўняе пакліканне,” – абгрунтаваў біскуп Аляксандр свае думкі выказваннямі Папы.
Таксама біскуп закрануў такі важны атрыбут святара як яго адзенне, а менавіта сутана. “У дзень атрымання сутаны ў вачах усіх семінарыстаў яна з’яўляецца прыгажэйшай за вясельную сукенку маладой, апрануўшы яе ўсе мы выглядаем шчаслівымі і гэта зразумела. Трэба заставацца ў сутане шчаслівым і тады, калі сутана пачне быць і тым, аб чым нагадвае яе чорны колер – пахавальным покрывам для гэтага свету.”
Пасля святой Імшы ўсе накіраваліся ў араторый, дзе адбыўся працяг святкавання. Парафіяне, дзеці і моладзь, розныя парафіяльныя рухі падрыхтавалі для свайго любімага пробашча прыгожую святочную праграму. Праз розныя нумары, вершы і спевы вернікі дапамаглі ўсім прысутным узгадаць асноўныя моманты працы ксяндза Казіміра на Усходзе. Святары салезіяне падарылі свайму сабрату дыплом ганаровага грамадзяніна Беларусі, падкрэсліваючы тым самым важнасць працы, якую ён ажыццяўляе ў нашай краіне.

Напрыканцы свята ксяндзу Казіміру было ўдзелена ўжо стаўшае для салезіянаў традыцыйным благаслаўленне ад усіх сабраных.