5 сакавіка ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах падчас ўрачыстай святой Імшы павіншавалі пробашча кс. Казіміра Шыдэлка SDB з днём імянінаў, які ён адзначаў ва ўспамін св. Казіміра. Важным знакам з’яўлялася прысутнасць на гэтай малітве арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і дапаможных біскупаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыя Касабуцкага і Аляксандра Яшэўскага SDB.
Таксама госцем на ўрачыстасці быў кс. Юзаф Занеўскі SDB, пробашч катэдральнай парафіі ў Маскве. Калісьці яны разам — арцыбіскуп Тадэвуш, кс. Казімір і кс. Юзаф — працавалі ў Маскве і разам змагаліся за адраджэнне веры, дзялі цяжкасці і радасці служэння, дапамагалі і падтрымлівалі адзін аднаго. З біскупам Аляксандрам кс. Казімір з’яўляюцца сабратамі, яны доўгі час служылі разам ў Таварыстве св. Францішка Сальскага. Таму невыпадкова і тое, што сустракаюцца святары ў важныя моманты жыцця і цяпер.
Прывітаў гасцей у парафіі Рэгіянальны настаяцель салезіянаў у Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. «Дзе Пётр — там Касцёл!» — з гэтымі словамі звярнуўся ён да біскупаў, параўноўваючы візіт пастыраў у парафію, з рэчаіснасцю першых хрысціянаў. Салезіянін адзначыў, што як тыя першыя хрысціянскія супольнасці адчувалі падрымку апостала Пятра ў яго візітах і пастырскіх лістах, так бараўлянская парафія сёння адчувае гэты пастырскі клопат сваіх біскупаў і ўдзячна ім за гэта.
З пастырскім настаўленнем да вернікаў падчас святой Імшы звярнуўся Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Тадэвуш. У гаміліі ён звярнуў увагу на рэфрэн рэспансарыйнага псальму нядзельнай літургіі: «Змілуйся над намі, Пане, бо мы зграшылі». Іерарх адзначыў, што гэты рэфрэн «вельмі добра перадае пачуцці нашых сэрцаў і нашых душаў у пачатку Вялікага посту: часу ласкі, часу збаўлення, часу нашага навяртання. Бо ўсе мы грэшныя, і ўсе мы патрабуем адновы нашага жыцця». Cвятога Казіміра арцыбіскуп назваў патронам Вялікага посту, бо яго жыццё, як і Вялікі пост, будуецца на трох калонах: пост, малітва, міласціна. Арцыпастыр успомніў яскравы момант з жыцця святога, калі малады каралевіч быў хворы, то падчас чытання Евангелля на святой Імшы ён сказаў: «Як я магу сядзець у той момант, калі да мяне прамаўляе Пан?» Разважаючы пра гэты прыклад, Яго Эксцэленцыя прапанаваў задумацца, як часта мы гатовыя сядзець каля камп’ютараў, тэлевізараў, у клубах замест таго, каб слухаць Пана, які прамаўляе да нас у розных момантах жыцця. Арцыпастыр заахвоціў кожнага выйсці на духоўную пустыню, як заклікае да гэтага нядзельнае Евангелле і жыццё святога Казіміра, каб праз прызму Божага Слова ўбачыць тое, што закрыта, тое што адкінулі ў нашай штодзённасці і аб чым забыліся. Ён падкрэсліў, што важна знайсці цёмныя куты жыцця, зазірнуць у духоўнае люстэрка, каб пазнаць сябе і стаць зусім іншым чалавекам.
Напрыканцы святой Імшы сярод першых павіншаваў імянінніка Яго Эксцэленцыя біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, ён расказаў прысутным аб супольным служэнні з сабратам і нагадаў парафіянам момант пачатку працы ў Бараўлянах іх пробашча. Вернікі і парафіяльныя суполкі віншавалі кс. Казіміра з імянінамі і дзякавалі за яго пастырскі клопат. Моладзь, на карысць якой ахвяруе сваё жыццё святар, параўнала служэнне кс. Казіміра з дзеяннем Святога Духа — Ён нябачны вачам, але адчуваецца душой. Так і святар — у канфесіянале мы яго не бычым, але ён суцяшае і настаўляе, на алтары — аддае сябе аж дашчэнту, да апошняй кроплі. Святар мае ўладу благаслаўляць, але сёння ўсе прысутныя на знак падзякі і любові благаславілі кс. Казіміра і паабяцалі малітоўную падтрымку.
Фотаздымкі: Анастасія Субач