Турын, Італія – сакавік 2025 – 25 сакавіка на 29-м Генеральным Капітуле Таварыства Св. Францыска Сальскага ксёндз Фабіо Атард быў абраны новым Генеральным настаяцелем салезіянскага таварыства. Ён стаў 11-м пераемнікам кс. Боско. Яму даручана кіраўніцтва салезіянскай кангрэгацыяй і спрыянне місіі, накіраванай на дабро моладзі, асабліва найбяднейшай і найбольш патрабуючай, у 136 краінах свету.
Раней кс. Фабіо прадстаўляў салезіянскую кангрэгацыю на важных міжнародных форумах па моладзевай палітыцы, міграцыі і працаўладкаванні моладзі ў Бруселі і Нью-Ёрку.
Акрамя адміністрацыйных роляў, ксёндз Атард заўсёды вылучаўся як будаўнік мастоў паміж тэалогіяй і пастырскай дзейнасцю. У 2005 годзе ён заснаваў і ўзначаліў Інстытут пастырскай фармацыі на Мальце, які займаўся падрыхтоўкаў свецкіх асоб, занятых у пастырскай працы. Ён працягваў выкладаць у якасці запрошанага прафесара ў Папскім Салезіянскім Універсітэце, спрыяючы інтэлектуальнаму і духоўнаму развіццю салезіянскіх педагогаў і іх супрацоўнікаў.
Яго ўнёсак у развіццё сусветнага Касцёла быў адзначаны ў 2018 годзе, калі Папа Францішак прызначыў яго кансультантам Дыкастэрыі па справах свецкіх асоб, сям’і і жыцця. Яго ўдзел у Сінодзе па справах моладзі (2018) падкрэсліў яго імкненне даць моладзі голас і садзейнічаць яе большай інтэграцыі ў жыццё Касцёла.
Пасля завяршэння тэрміну на пасадзе Генеральнага саветніка кс. Атард у 2020-2023 гадах каардынаваў фармацыю салезіянаў і свецкіх супрацоўнікаў у Еўропе. Гэты праект прывёў да стварэння магістарскай праграмы для падрыхтоўкі салезіянаў і свецкіх супрацоўнікаў, якую цяпер ажыццяўляе Папскі Салезіянскі Ўніверсітэт.
Як новы Генеральны настаяцель, кс. Фабіо Атард стане на чале Кангрэгацыі, якая налічвае 13 750 салезіянаў, арганізаваных у 92 правінцыі, і якая працуе ў 136 краінах свету. Дзякуючы глыбокай духоўнасці, харызматычнаму бачанню, выбітнай акадэмічнай кар’еры і дзесяцігоддзям досведу, ён цалкам гатовы ажыццяўляць кіраўніцтва салезіянскай кангрэгацыяй і салезіянскай сям’ёй у XXI стагоддзі. Яго абранне – гэта новая зара для Кангрэгацыі, якая пад яго кіраўніцтвам працягне расці як глабальная сіла адукацыі, евангелізацыі і сацыяльнай трансфармацыі. Айцец Атард будзе натхняць і матываваць салезіянаў, свецкіх супрацоўнікаў і моладзь ва ўсім свеце, каб працягваць місію Дона Боско: быць сведкамі і насіцелямі Божай любові для моладзі, асабліва для тых, хто найбольш патрабуе.
Пад яго кіраўніцтвам салезіянская кангрэгацыя працягне квітнець, ажыццяўляючы мару Дона Боско і змяняючы жыцці тысяч маладых людзей па ўсім свеце. Ён прызваны ўзначаліць другую па велічыні рэлігійную Кангрэгацыю ў свеце, несучы надзею і святло новым пакаленням.
Таксама на 29-м Генеральным Капітуле вікарыем Генеральнага настаяцеля быў абраны кс. Стэфано Мартольё, тым самым падоўжылася яго кадэнцыя на пасадзе, даручанай яму яшчэ папярэднім Капітулам.
Згодна з Канстытуцыямі салезіянаў, вікарый з'яўляецца першым памочнікам Генерала ў кіраванні Таварыствам і мае звычайную вікарыяльную ўладу. Ён дзейнічае ад імя Генерала ў выпадку яго адсутнасці або перашкод. Асабліва яму даручана клапаціцца аб рэлігійным жыцці і дысцыпліне.
На 28-м Генеральным Капітуле ў 2020 годзе Стэфано Мартольё быў упершыню абраны вікарыем Настаяцеля, і на гэтай пасадзе кіраваў салезіянскай кангрэгацыяй з 17 жніўня 2024 года да гэтага Капітула ў адпаведнасці з тэрмінамі, устаноўленымі Святым Прастолам пасля прызначэння Анхеля Фернандэса Арціме кардыналам.