На святой Імшы прысутнічаў дэлегат біскупа Гродзенскай дыяцэзіі дэкан Смаргонскага дэканата кс. канонік Леанард Станкоўскі, рэгіянальны настаяцель салезіянаў на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, сабраты і члены салезіянскай сям’і, а таксама шматлікія парафіяне, каб разам прывітаць новапрызначанага пробашча, а таксама даверыць яго Богу ў сумеснай малітве.
Перад распачаццем святой Імшы дзеці правялі новапрызначанага пробашча да алтара, дзе ксёндз дэкан прадставіў яго усёй парафіяльнай супольнасці і звярнуўся да наміната, прыпамінаючы яму аб яго адказнасці: “Аддаю табе ў апеку духоўнае дабро вернікаў,.. імкніся служыць ім так, каб ты мог з чыстым сумленнем стаць перад Богам, Справядлівым Суддзёю”. Пасля быў зачытаны дэкрэт біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча аб прызначэнні кс. Паўла на пасаду пробашча парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, да якога было дадана пажаданне плённага служэння ў справе збаўлення душаў.
Пасля кс. Леанард сімвалічна перадаў ключы смаргонскага касцёла новаму пробашчу з наказам адчыняць гэтую святыню ўсім, хто шукае Бога, і кіраваць парафіяй як нястомны работнік Вінаградніка Пана.
Дзеці, моладзь і ўсе вернікі парафіі склалі свае віншаванні і зычэнні кс. Паўлу, падкрэсліваючы важнасць асобы пробашча для ўсёй парафіі і радасць з нагоды яго прызначэння.
Падчас гаміліі кс. Павел звярнуўся да прысутных з думкай аб тым, што Божая Любоў настолькі вялікая, што яна сее сваё зерне не толькі на добрую і падтрыхтванную зямлю, але ўсюды, нават калі здаецца, што гэтая зямля не прынясе плёну. Бог сее зерне ў кожнае чалавечае сэрца, нават у самае слабое, таму што мае моц і жаданне змяніць яго і дапамагчы ўзрасці.
Падчас святой Імшы не было прывычнага моманту вызнання веры. Кс. Павел перад распачаццем выканання сваіх абавязкаў ад імя Касцёла прамовіў урачыстае вызнанне веры і даў прысягу вернасці, адпаведныя дакументы былі падпісаныя на алтары.
Гэтая падзея вельмі важная як для парафіі св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, так і для ўсёй салезіянскай сям’і на Беларусі. Дзякуем Пану Богу за дар новага пробашча ў Смаргоні і давяраем кс. Паўла Шчарбіцкага SDB Божай апецы ў сваіх малітвах.