Галоўная Дзейнасць Навіны Салезіяне выдалі кнігу кс. Артура Ляшнеўскага пра гісторыю Касцёла і асобна Таварыства св. Францішка Сальскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1921-1991 гадах

Салезіяне выдалі кнігу кс. Артура Ляшнеўскага пра гісторыю Касцёла і асобна Таварыства св. Францішка Сальскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1921-1991 гадах

Прадстаўляем паважаным чытачам нованадрукаваную кнігу “Ахопленыя надзеяй” пра  гісторыю Касцёла і Таварыства св. Францішка Сальскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі з 1921 па 1991 гады.

Галоўная мэта дадзенай працы — даследаванне і апісанне дзейнасці Таварыства св. Францішка Сальскага на беларускіх зямлях падчас трох перыядаў: міжваеннага, ваеннага і пасляваеннага да 1991 года. У гэтай працы салезіянін кс. Артур Ляшнеўскі таксама спрабуе адказаць на пытанне, які ўплыў мела прысутнасць салезіянаў на тагачаснае і цяперашняе душпастырства і выхаваўчую працу на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У тэксце  падкрэсліваецца вялізны ўклад салезіянскіх місіянераў у ваенны і пасляваенны перыяды ў справу ратавання і адраджэння каталіцкай веры ў краіне.

Аўтар сабраў у кнізе ўжо вядомыя даследаванні і дапоўніў іх новай інфармацыяй і сведчаннямі.

У 1921 годзе ў Дварэц прыязджае першы салезіянін кс. Людвік Гастыля, а ў 1991 годзе кс. Юзаф Занеўскі SDB заканчвае справу адраджэння кангрэгацыі ў БССР. У працы кс. Артур рэканструяваў палітычную і рэлігійную атмасферу, якія панавалі на беларускіх землях у кожным з трох вышэйпералічаных перыядаў, каб больш зразумець асяроддзе, адносіны мясцовага насельніцтва і ідэалогію паасобных палітычных плыняў на гэтай тэрыторыі ў вызначаны прамежак часу.

Для дасягнення пастаўленых мэтаў аўтар рабіў запыты ў дзяржаўныя архівы ў Гродне, Мінску, Брэсце, Лідзе, Баранавічах і Вільні. Атрыманыя матэрыялы былі дапоўнены шматлікімі ўспамінамі сабратоў, а таксама іх сведчаннямі, якія захоўваюцца ў архівах Таварыства св. Францішка Сальскага ў Варшаве і Кракаве. Для збору інфармацыі і правядзення даследавання аўтар асабіста наведаў тыя мясцовасці Беларусі, дзе служылі салезіяне. Варта зазначыць, што Кургана і Рэгінава ўжо няма на карце Беларусі, а адсутнасць інфармацыі пра канкрэтнае месцазнаходжанне салезіянскіх дамоў стала прычынаю памылак у апісанні іх прасторавай лакалізацыі ў ранейшых працах. Пасля некалькіх інтэрв’ю ў 2015 годзе ў кс. Артура атрымалася адшукаць месцы даўнейшага прабывання салезіянаў і ідэнтыфікаваць руіны (фундамент) касцёла пад тытулам св. Яна Боско ў Кургане, а таксама місіянерскай семінарыі ў Рэгінаве.

Новая кніга з’яўляецца добрым матэрыялам, каб даведацца не толькі пра салезіянаў на тэрыторыі Беларусі, але і пра гісторыю беларускага Касцёла ў апрацаваны перыяд часу. У працы сабраныя шматлікія дакументы і сведчанні пра мучаніцтва беларускага духавенства, якое, на жаль, усё больш забываецца сучаснікамі.

Памятаць пра асобаў, якія засаджвалі зерне Евангелля і ратавалі яго ў нашай краіне, – наш святы абавязак!

Набыць кнігу можна у салезіянскіх парафіях:

  • парафія св. Яна Хрысціцеля – Мінск, Серабранка,
  • парафія Маці Божай Успамогі Хрысціянаў – Бараўляны,
  • парафія св. Міхала Арханёла – Смаргонь,
  • парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – Дзятлава,
  • парафія свв. апп. Пятра і Паўла – Жупраны.
Падзяліцца: