Галоўная Дзейнасць Навіны Крыжовы шлях па вуліцах горада прайшоў у Смаргоні

Крыжовы шлях па вуліцах горада прайшоў у Смаргоні

Напярэдадні Пальмовай нядзелі, 7 красавіка, вернікі са Смаргоні прайшлі Крыжовым шляхам па вуліцах горада.Парафіяне сабраліся каля касцёла Святога Міхала Арханёла пасля вячэрняй святой Імшы, каб разам прыняць удзел у набажэнстве і паразважаць над апошнімі хвілінамі зямнога жыцця Езуса Хрыста.

Наперадзе працэсіі быў крыж. Па чарзе яго неслі моладзь, дзеці, мужчыны і жанчыны, міністранты, салезіяне супрацоўнікі, маладыя сем’і, святары і сёстры. Падчас шляху рабіліся прыпынкі – стацыі з разважаннямі. Шматлікія вернікі ішлі праз увесь горад з запаленымі свечкамі і ліхтарыкамі.

Сёлетні Крыжовы шлях стаў своеасаблівым сведчаннем веры для жыхароў горада і напамінам пра тое, што хутка свята Пасхі. Дарэчы, некаторыя праваслаўныя мінакі, убачыўшы малітоўнае шэсце, рабілі знак крыжа і кланяліся.

Пасля таго, як працэсія вярнулася да касцёла, адбылася малітва ў інтэнцыі Святога Айца. Напрыканцы пробашч смаргонскай парафіі кс. Алег Жураўскі SDB выказаў падзяку вернікам за ўдзел у супольным набажэнстве, а таксама ўсім тым, хто дапамог яго арганізаваць.

Варта адзначыць, што гарадскі Крыжовы шлях стаў ужо добрай традыцыяй для смаргонскіх парафіян. Штогод ідучы і молячыся разам, людзі маюць добрую магчымасць чарговы раз перажыць таямніцу мукі і смерці нашага Збаўцы.

Падзяліцца: