Самыя цёплыя і светлыя ўспаміны ў нас звязаны з мамай, яе дабрынёй, мудрасцю, цярплівасцю. З тым, што яна дала нам не толькі жыццё, але і першыя ўрокі духоўнасці. Таму Дзень маці — гэта цудоўная нагода шчыра падзякаваць, папрасіць прабачэння, павіншаваць, падарыць кветкі, праявіць клопат, яшчэ раз прызнацца ў сваіх самых лепшых пачуццях да яе. Шчаслівыя, радасныя твары дзяцей — найлепшы падарунак для маці.
Свята распачалося святой Імшой, падчас якой кс. Аляксандр Мятліцкі SDB заахвоціў прысутных глядзець за чысцінёй сваёй душы, нібы за “белым адзеннем”.
Пасля дзеці разам з бацькамі накіраваліся ў араторый, дзе іх чакалі вясёлыя героі, якія падрыхтавалі цікавую праграму, падкрэсліваючы важнасць матулі і дзяўчыны. Героямі свята былі “Маманцёнак” і “Умка”, якія дапамагалі раскрываць па чарзе літары слова “Матуля” праз розныя цікавыя, забаўляльныя моманты. Таксама яны нагадалі дзецям, што мамы іх вельмі моцна любяць.
Падчас свята кожная матуля атрымала прамень сонейка, на якім было напісана, што дае кожная матуля, а таксама чаму можа навучыцца кожная дзяўчынка, як будучая мама. Падчас “слоўка” с.Валянцінай Кот FMA было падкрэслена, што кожная маці – гэта прамень, які вядзе да Бога, гэта крыніца вечнай дабрыні, якую ніхто не можа нам замяніць.
Свята завяршылася малітвай і салодкім пачастункам.
Поўныя радасці і шчасця, дзеці і іх бацькі адыходзілі дамоў. Хочацца верыць, што атрымаўшы гэты аптымізм і агеньчык, кожная матуля і дзяўчына будзе яшчэ больш узрастаць у сваім пакліканні, каб быць сапраўдным святлом для іншых.