Галоўная Дзейнасць Навіны Красавік: Пасланне Генеральнага Настаяцеля кс. А. Арцімэ

Красавік: Пасланне Генеральнага Настаяцеля кс. А. Арцімэ

Яго зваць Альберто.
Яна маладая маці, я не ведаю яе імя.

Ён жыве ў Перу. Яна ў Хайдарабадзе (Індыя).

 Гэтыя дзве гісторыі і два жыцця аб’ядноўвае тое, што я іх сустрэў у часе свайго служэння, спачатку Альберто ў Перу, а праз тыдзень у Індыі маладую маці.

  Іх злучае каштоўная залатая нітка Божай ласкі. Праз прыняцце, якое зарэзерваваў ім дон Боско ў адным са сваіх дамоў. Салезіянскае сэрца змяніла іх жыццё, выратавала іх ад галечы і, магчыма, ад смерці, на якую яны былі асуджаны. І я думаю, што магу сказаць, што плён ночы Ўваскрашэння Пана праходзіць і праз шчодрыя людскія ўчынкі, якія аздараўляюць і ратуюць. Вось гэтыя дзве гісторыі.

Удзячны юнак

  Некалькі тыдняў таму я быў у Гуанкайо (Перу). Я якраз збіраўся святкаваць Эўхарыстыю з больш як 680 маладымі людзьмі з салезіянскага моладзевага руху той правінцыі, з сотнямі людзей таго горада, што размясціўся на вышыні 3200 метраў над узроўнем мора, у Перуанскім высокагор’і. Раптам мне сказалі, што мяне хоча прывітаць адзін былы студэнт. Каб патрапіць у гэты горад, яму спатрэбілася пяць гадзін і столькі ж будзе патрэбна, каб вярнуцца назад.

  Я адказаў: “Я буду вельмі рады з ім сустрэцца і падзякаваць яму за гэты прыгожы жэст”.

  Незадоўга да пачатку Эўхарыстыі да мяне падышоў той малады чалавек і сказаў мне, што вельмі рады магчымасці мяне прывітаць. “Мяне клічуць Альберто, і я хацеў здзейсніць гэта падарожжа, каб асабіста падзякаваць дону Боско, бо салезіяне ўратавалі мне жыццё”.

  Я падзякаваў яму і запытаўся, чаму ён мне аб гэтым кажа. Ён працягваў сваё сведчанне і кожнае наступнае слова ўсё болей, і болей кранала маё сэрца. Ён распавёў мне, што быў цяжкім падлеткам. Салезіяне мелі з ім шмат клопату, калі прынялі яго ў адным са сваіх дамоў для “праблемных дзяцей”. Ён дадаў, што яны мелі дзясяткі прычын на тое, каб збавіцца ад яго, бо ён быў “маленькім д’яблам і ад свету і жыцця чакаў толькі зло, але яны мелі вялікае цярпенне” ў адносінах да яго.

  Далей сказаў: “Працягваючы вучыцца, я змог знайсці сваю дарогу і, насуперак майму бунтарству, яны, час ад часу, давалі мне новыя магчымасці. Сёння я з’яўляюся айцом, маю сям’ю, прыгожую дачку і працую сацыяльным педагогам. Калі б не было таго, што зрабілі для мяне салезіяне, маё жыццё было б зусім інакшым, а, магчыма, ужо б і скончылася”.

  Я страціў дар мовы і быў вельмі крануты. Сказаў яму, што вельмі ўдзячны за гэты жэст, за яго словы і жыццёвы шлях, і што сведчанне яго жыцця - гэта найпрыгажэйшае задавальненне для салезіянскага сэрца.

  Ён зрабіў ледзь прыкметны жэст і паказаў мне на салезіяніна, які быў яго выхавацелем і адным з тых, хто калісьці меў да яго вялікае цярпенне. Гэты салезіянін падышоў да мяне з усмешкай і, думаю, з вялікай радасцю на сэрцы падцвердзіў, што ўсё было менавіта так. Мы разам паабедалі, а потым Альберто вярнуўся да сваёй сям’і.

Шчаслівая маці

  Праз пяць дзён пасля той сустрэчы я быў у паўднёвай Індыі, у штаце Хайдарабад. Меў шматлікія сустрэчы і мерапрыемствы, і вось аднаго дня мне паведамілі аб наведванні. Гаворка ішла аб малодой маці з шасцімесячнай дзяўчынкай. Яна чакала мяне на рэцэпцыі салезіянскага дома і хацела мяне прывітаць.

  Дзяўчынка была вельмі прыгожая і не выказвала ніякага страху, таму я не стрымаўся, узяў яе на рукі і благаславіў. Мы зрабілі некалькі фота на памяць, як гэтага хацела маладая маці.

  Нейкія іншыя словы не знаходзіліся, але яе гісторыя была адначасова і балючай, і прыгожай.

  Гэта маладая маці была калісьці пакінутым дзіцём і жыла адна на вуліцы. Лёгка ўявіць сабе яе лёс.

  Але аднойчы дзякуючы Провіду добрага Бога яе знайшоў салезіянін, які нядаўна пачаў у гэтым штаце Хайдарабад прымаць дзяцей з вуліцы. Яна стала адной з дзяўчат, якім пашчасціла знайсці дом. Мае браты салезіяне разам з выхавацелямі паклапаціліся аб тым, каб забяспечыць іхнія асноўныя патрэбы.

  І вось гэта маленькая дзяўчынка, узятая з вуліцы, змагла нанова расквітнець, пайсці шляхам жыцця. І сёння яна жонка і маці, і, што для мяне неверагодна прыгожа, настаўніца ў вялікай салезіянскай школе, у якой мы былі.

  Я не мог не думаць аб тым, колькі яшчэ такіх дзіцячых лёсаў, уратаваных ад безнадзеі і маркоты, ёсць у салезіянскім свеце, колькі маіх добрых братоў салезіянаў і сясцёр салезіянак кожны дзень становяцца на калені, каб “абмыць ногі” малым і вялікім Езусам на нашых вуліцах. Гэта ключ да таго, як шмат лёсаў могуць змяніцца да лепшага.

  Як у гэтых дзвюх гісторыях не бачыць Божай рукі? Для кагосьці мы можам стаць той рукой і чыніць дабро. У якой заўгодна частцы свету, у якой заўгодна жыццёвай альбо прафесійнай сітуацыі. Калі чынім дабро, мы верым у чалавецтва, у годнасць кожнага чалавека і ў тое, што трэба працягваць будаваць лепшы свет.

  Пішу гэта таму, што трэба распаўсюджваць і добрыя навіны. Дрэнныя навіны распаўсюджваюцца самі па сабе, альбо знаходзяць зацікаўленых. Гэтыя дзве гісторыі з рэальнага жыцця, такія блізкія да мяне па часе, сёння ў тысячны раз пацвярджаюць, што дабро, якое мы намагаемся рабіць, вельмі вартае таго.

  Гэтыя навіны сведчаць таксама аб тым, што паэтычна выказана ў адным з салезіянскіх спеваў: “Я кажу, што дон Боско жывы, не думайце, што такі айцец можа нас пакінуць. Наш айцец не памёр, ён жывы, ён заўсёды быў і застаеца тут. Ён, які клапаціўся аб пакінутых і асірацелых падлетках, аб дзецях вуліцы, аб беспрытульных дзецях, якім ён дапамог змяніцца… Я кажу, што Ян Боско жывы і распачаў тысячы ініцыятыў. Не бачыш яго айцоўскага клопату, што дзейнічае зараз па ўсім свеце? Не чуеш, як ён спявае свой спеў столькім дочкам, і столькім сынам, якія з’яўляюцца адлюстраваннем айца, якога мы любім? Ён жывы, калі ёсць такія яго салезіяне”.

  Жадаю ўсім вам благаслаўлёнага Вялікадня. А тым, хто адчувае сябе далёка ад гэтай адной з галоўных праўд веры, ад усяго сэрца жадаю ўсяго найлепшага.

 

(Паводле Il Bolletino Salesiano, красавік 2023)

Падзяліцца: